Дзень мядовага жыцця ў Раклевічах

Важнае Галоўнае Свежыя навіны

У нядзелю, 28 ліпеня, у рамках маштабнага сельскагаспадарчага раённага праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аграгарадку Раклевічы прайшло свята мёду.

Арганізатары запрасілі на яго не толькі знатакоў гэтага карыснага прадукта, але і проста аматараў паласавацца, паабяцаўшы расказаць шмат цікавага аб пчолах, здароўі і доўгалецці. Удзел у мерапрыемстве прыняў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі.

Першым гасцей урачыстасці павітаў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі:

– Стала добрай традыцыяй праводзіць у аграгарадку Раклевічы свята мёду. А ўсё таму, што КСУП “Русь-Агра” займаецца пчалаводствам і штогод тут здабываюць больш за тону мёду. Цяпер у гаспадарцы налічваецца 55 пчоласем’яў. Жыхары Дзятлаўскага сельсавета таксама займаюцца пчалаводствам, у асабістых гаспадарках маецца 139 пчоласем’яў. Аднак пчолы карысны не толькі тым, што збіраюць мёд. Па назіраннях вучоных, за кошт апылення ўраджайнасць асобных сельскагаспадарчых культур можа быць павялічана на 50-80 %. Спадзяюся, пасля такога пазнавальнага свята колькасць людзей, якія займаюцца пчалаводствам, у нашым раёне значна павялічыцца.

Паколькі ў рамках 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці на Дзятлаўшчыне прадаўжаюць услаўляць людзей працы, свята мёду не стала выключэннем. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароды за дасягненні ў працоўнай дзейнасці работнікам КСУП “Русь-Агра” ўручыў намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Вадзім Царык.

Артысты ж заклікалі гледачоў на “Мядовае асарці” – такую назву меў святочны канцэрт. Гучалі песні ад Алы Чарняўскай, Марыны Шаўчук, Вольгі Ёды. Затым на сцэну выйшлі самыя юныя жыхары аграгарадка ў яркіх касцюмах пчолак. Яны падрыхтавалі для прысутных дынамічны танец, моднае дэфіле і флэш-моб. За дэфіле маленькім мадэлям журы налічвала балы. Кожная з юных пчолак вызначылася ў пэўнай намінацыі і атрымала падарунак ад Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Праграму прадоўжылі конкурсныя іспыты. Ірына Цяцерына запрасіла на сцэну каманды арганізацый. Іх чакаў вясёлы музычны конкурс “Угадай мелодыю”. Удзел у “нотных” баталіях прымалі чатыры каманды. Гэта былі гаспадары пляцоўкі: КСУП “Русь-Агра” і каманда Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы, а таксама госці – ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Жукоўшчына”. На працягу гульні высокія здольнасці да адгадвання мелодый дэманстравала каманда КСУП “Жукоўшчына”, даволі яркімі і дынамічнымі ў яе атрымаліся танцы, таму журы прысудзіла камандзе галоўную ўзнагароду свята. Другое месца заняла каманда КСУП “Русь-Агра”. Трэцяе месца падзялілі каманды ААТ “Граніт-Агра” і Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі дыпломы, салодкія прызы – скрыначкі з духмяным мёдам для іх падрыхтаваў КСУП “Русь-Агра”.

Як толькі дарослыя пакінулі імправізаваную сцэну, на яе запрасілі маленькіх гасцей свята. Да іх завітаў узорны тэатр гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” з інтэрактыўнай праграмай “Буба-свавольнік”.

Але гэта былі не ўсе сюрпрызы, якія падрыхтавалі да свята мёду яго арганізатары. Народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” выступіў з гульнявой праграмай “Як на Зецельскiм кiрмашы”: паміж сабой у вясёлай эстафеце спаборнічалі зборныя мужчынская і жаночая каманды.

Праграму салодкага свята завяршыла выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля Раклевіцкага дома культуры “З песняй па жыцці”. Варта адзначыць, што на працягу мерапрыемства попытам карысталіся выстава-продаж, дэгустацыя вырабаў з мёду, набывалі людзі і сам гэты карысны прадукт, а маленькія наведвальнікі свята аблюбавалі надзіманыя горкі і батуты, паласаваліся папкорнам і салодкай ватай.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: