Чым прываблівае санаторый “Радон”

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Філіял “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” – адзін з самых вядомых бальнеагразевых кліматычных курортаў нашай рэспублікі. Першых адпачывальнікаў ён прыняў чвэрць стагоддзя таму – 21 кастрычніка 1993 года.  Размешчаны “Радон” за восем кіламетраў ад Дзятлава ў маляўнічым экалагічна чыстым куточку нашага раёна сярод сасновага бору на беразе ракі Паніквы ў месцы яе ўпадзення ў раку Моўчадзь, якая ўсяго праз шаснаццаць кіламетраў “сустракаецца” з паўнаводным Нёманам.

Прырода шчодра адарыла Дзятлаўшчыну: зялёныя лясы, чыстае, насычанае фітанцыдамі паветра, маляўнічыя ландшафты і прысутнасць мясцовых прыродных лячэбных фактараў стварылі перадумовы для паўнавартаснага лячэння і аздараўлення на працягу ўсяго года не толькі жыхароў нашай краіны, але і краін блізкага і далёкага замежжа. Вырашальным аргументам у выбары месцазнаходжання “Радона” стала наяўнасць унікальных мясцовых прыродных лячэбных рэсурсаў. Гэта адзіны ў Беларусі санаторый, які выкарыстоўвае для лячэння пацыентаў уласныя прыродныя мінеральныя радонавыя воды, адкрытыя ў 1967 годзе гідрагеолагамі Г. Багалюбавым і А. Шпакавым.

Гідрамінеральная база санаторыя – гэта чатыры свідравіны глыбінёй ад 295 метраў. Тэмпература падземных водаў складае 11-13 ◦С, утрыманне радону ў іх адпавядае малой і сярэдняй канцэнтрацыі. Мясцовыя радонавыя воды з’яўляюцца аналагамі крыніцаў вядомых курортаў Расіі, Украіны, Грузіі, Германіі. Метадычныя ўказанні па іх лячэбным выкарыстанні былі распрацаваны Расійскім навуковым цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай тэрапіі пад кіраўніцтвам прафесара Ігара Гусарава і Інстытутам фізіялогіі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам акадэміка Уладзіміра Улашчыка.

У 1984 годзе на тэрыторыі Беларусі гідрагеалагічнай партыяй “Геоминвод” была праведзена пашпартызацыя і ацэнка стану гідрамінеральных гразевых рэсурсаў возера Дзікае. У 1993 годзе санаторыем “Радон” на гэтым возеры адкрыта прадпрыемства па здабычы і расфасоўцы лячэбных сапрапелевых гразяў, праведзены поўны комплекс даследаванняў, вызначаны склад і змест мікраэлементаў, амінакіслот. Пад кіраўніцтвам прафесара Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ларысы Піраговай распрацаваны ўнікальныя методыкі іх выкарыстання ў лячэбнай практыцы.

На базе гэтых прыродных фактараў у санаторыі “Радон” адкрыты водалячэбніца на сямнаццаць ваннаў і гразелячэбніца на трынаццаць кушэтак. Магутнасць вода-гразялячэбніцы складае да тысячы і больш наведванняў за змену. Санаторый “Радон” мае багатую лячэбна-дыягнастычную базу і аказвае больш за трыста відаў медыцынскіх паслугаў, у практыку яго работы ўкаранёны сучасныя методыкі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення. Тут функцыянуюць два фізіятэрапеўтычныя кабінеты, кабінет лазератэрапіі, бурштынавы пакой, спелеакліматычная камера, SPA-цэнтр, цэнтр касметалогіі “Эстэт”, сучасная клініка-біяхімічная лабараторыя для вызначэння біяхімічных параметраў, гарманальнага статусу, онкамаркёраў.

Пяціразовае харчаванне адпачывальнікаў арганізавана ў дзвюх залах з заказнымі стравамі і элементамі шведскага стала, дыетычным харчаваннем з выкарыстаннем экалагічна чыстых прадуктаў. Два спальныя карпусы маюць адна- і двухместныя нумары катэгорый “стандарт”, “паўлюкс”, “люкс”.

У санаторыі “Радон” створаны ўмовы для арганізацыі вольнага часу адпачывальнікаў. Функцыянуе ўтульная кіна-канцэртная зала на 267 месцаў, укамплектаваная сучасным светлавым, музычным, кіна-відэа абсталяваннем, ёсць бібліятэка з чытальнай залай, танцавальная зала, летняя танцавальная пляцоўка, гульнявыя пакоі для дзяцей, памяшканні для работы дзіцячых гурткоў. Асаблівай папулярнасцю тут карыстаюцца канцэрты з удзелам народнага калектыву эстраднай песні “Крыніца”, створанага на базе санаторыя больш за 20 гадоў таму. Для аматараў спорту ёсць басейн, спартыўная і трэнажорная залы, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, тэнісны корт, стадыён з футбольным полем і бегавой дарожкай, спартыўныя памяшканні для гульні ў настольны тэніс і більярд, таксама абсталяваны вулічны трэнажорны комплекс і сцежка для барэфуцінга.

Па статыстыцы за студзень 2019 года, змяшчальнасць санаторыя складае 607 койка-месцаў, сярод якіх 431 – для дарослых, 176 – для дзяцей. Гэта дазваляе на працягу года прымаць каля 15 тысяч адпачывальнікаў. У любы сезон санаторый “Радон” запоўнены на 100 %, прычым палова пацыентаў – гэта грамадзяне Расіі, Польшчы, Германіі, Ізраіля, іншых краін.

Дасягненні ўстановы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. У 2011 годзе “Радон” заваяваў бронзавы медаль у конкурсе “Брэнд года”, у 2012-м быў прызнаны лепшай санаторна-курортнай арганізацыяй для дарослых, у 2013-м заваяваў сярэбраны медаль у конкурсе “Брэнд года” намінацыя “Экспарт”, на працягу 2015-2018 гадоў утрымліваў званне пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Выбар года” як лепшая санаторна-курортная арганізацыя. Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва за высокія паказчыкі ў рабоце санаторый “Радон” быў прызнаны лепшым у 2016 годзе, у наступныя гады займаў прызавыя месцы.

Безумоўна, галоўная каштоўнасць “Радона” – гэта працоўны калектыў аднадумцаў і энтузіястаў санаторна-курортнай справы, які складаюць 412 чалавек. Сярод іх 21 доктар і 84 медыцынскія сястры, усе яны маюць вышэйшую і першую катэгорыі.

Стратэгічны накірунак развіцця ўстановы – ператварэнне з санаторыя ў курорт еўрапейскага ўзору з захаваннем лепшых айчынных традыцый, развітымі сучаснымі аздараўленчымі методыкамі, новай якасцю сэрвісу.

Мікалай МАЗУР,

кандыдат медыцынскіх навук Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта