Зялёнае жніво працягваецца

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Трывалым водарам свежаскошанай травы напаўняюцца сенажаці –аграрыі Дзятлаўшчыны працягваюць касьбу і нарыхтоўку кармоў.

Чарговая сельскагаспадарчая кампанія – касавіца – адна з самых адказных і важных для аграрыяў. Майскія дажджы паспрыялі буйнаму росту траў, а таму справіцца з задачамі касьбы хутка і ў час – справа тэрміновая.

Як адзначылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на пятніцу, 14 чэрвеня, у раёне першым укосам скошана 9481 гектар траваў, ўбраны скошаныя травы з плошчы 8597 гектараў, што складае 91 працэнт ад запланаванага.

Яшчэ адна неадкладная задача, якая стаіць  перад аграрыямі раённых сельгасгаспадарак – нарыхтоўка кармоў. Значную ролю мае не толькі  колькасць нарыхтаванага, але і якасць, ад якой напрамую залежыць прадуктыўнасць кароў.

Закладка сенажу з траваў першага ўкосу актыўна ідзе ва ўсіх сельскіх гаспадарках раёна. Па стане на 14 чэрвеня аграрыі раёна ўжо нарыхтавалі 27 719 тон сянажнага корму, у тым ліку 1927 тон – у рулонах.

Калі не перашкодзяць дажджы, першы ўкос у раёне плануецца  завяршыць у аптымальныя тэрміны.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ