Яны змагаліся за Радзіму

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Да Дня Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Вензавецкая сельская бібліятэка актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных юбілейнай даце.

Хочацца успомніць ветэранаў, якія абаранялі нашу Радзіму ад ворагаў і сёння з’яўляюцца для маладога пакалення яркім прыкладам мужнасці і гераізму, адвагі і любові да сваёй Радзімы. Гэта Віктар Лявонцьевіч Бельскі, Іван Антонавіч Лупік, Іван Васільевіч Нікіпорчык, Пётр Данілавіч Кажала, Андрэй Іосіфавіч Ківейша, Міхаіл Ільіч Ленка і іншыя.

Сцяпан Ігнацьевіч Лейка абараняў Радзіму ў радах асобнага казацкага атрада 1-й Беларускай кавалерыйскай партызанскай брыгады. За свае баявыя заслугі салдат узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, медалямі “За Перамогу над Германіяй”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” другой ступені, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Юльян Гаўрылавіч Будзько ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў у запасе, потым трапіў на фронт. Ваяваў на першым Беларускім фронце ў войсках сувязі старшым лінейным назіральнікам. Усю вайну прайшоў у званні радавога. Вызваляў Беларусь, Польшчу, Прусію, Германію. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску, працаваў у калгасе спачатку поляводам, а затым на млыне. Канстанцін Антонавіч Канапліцкі за баявыя заслугі ў Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджаны медалямі “За Перамогу над Германіяй”, “За вызваленне Беларусі” і шматлікімі юбілейнымі медалямі.

На жаль, да гэтага часу на тэрыторыі Вензавецкага сельскага савета жыве толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Анастасія Іванаўна Салікава. У гады вайны яна працавала на шахце падрыўніком. Узнагароджана нагрудным знакам “Ветэран вайны 1941-1945 гг.”, з’яўляецца Ветэранам працы, пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года, мае медаль “За добрасумленную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, юбілейныя медалі.

Хочацца, каб памяць аб кожным з іх жыла ў нашых сэрцах вечна.

Алена КАСПАРОВІЧ,
бібліятэкар Вензавецкай сельскай бібліятэкі



Теги: