У “Патрыёце” вучаць быць мужнымі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кругласутачны палатачны абаронна-спартыўны летнік “Патрыёт” сёлета зноў размясціўся на падворку Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы.

Дзевяць дзён (з 6 па 14 чэрвеня) у паходных умовах жывуць тут 35 юнакоў з пяці ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Гэта навучэнцы старэйшых класаў сярэдніх школ № 1 і № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Гезгалаўскай сярэдняй школы. Для юных патрыётаў падрыхтавана актыўная праграма, багатая на спартыўныя гульні і спаборніцтвы. Выхавальнікі летніка вучаць будучых абаронцаў Айчыны строгай дысцыпліне, асновам ваеннай падрыхтоўкі, паказваюць, як правільна абыходзіцца са зброяй і процівагазамі. Атмасфера летніка нагадвае ваенныя зборы, ды і створаны ён менавіта для таго, каб маладыя людзі адчулі сябе курсантамі або салдатамі, бо наперадзе ў кожнага з іх – служба ў войску.

У час змены з выхаванцамі “Патрыёта” сустрэся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Віктар Віктаравіч і Святлана Віктараўна нагадалі юнакам аб недапушчэнні правапарушэнняў, назвалі найбольш характэрныя сярод іх для моладзі раёна. Гэта познія прагулкі, распіццё спіртных напояў або знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, хуліганствы. Нагадалі госці і аб мерах адказнасці за падобныя паводзіны, патлумачылі, як правільна рэагаваць на заўвагі і законныя патрабаванні работнікаў міліцыі. Асобна спыніліся на недапушчэнні ўжывання наркатычных сродкаў, шкодзе табакакурэння.

Кацярына Хілімончык нагадала маладым людзям, што ў раёне працуе “Летні патруль”: актывісты БРСМ разам з ратаўнікамі патрулююць берагі вадаёмаў і лясы, вучаць адпачывальнікаў бяспечным паводзінам. Моладзевы Лідар падкрэсліла, што купацца ў спёку на Дзятлаўшчыне дазваляецца толькі на двух спецыяльна абсталяваных пляжах – гарадскім у Дзятлаве і пляжы санаторыя “Радон”.

Самым цікавым момантам сустрэчы для юнакоў стала знаёмства з экіпіроўкай міліцыянераў. Падлеткі пабачылі каску, шчыт, гумавую дубінку, бронежылет, мелі магчымасць разгледзець і пад кіраўніцтвам педагога Анатоля Філідовіча разабраць і сабраць АКСУ – аўтамат Калашнікава складны ўкарочаны.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена РК ГА “БРСМ”

 



Теги: