Праблема пра якую нельга маўчаць

Да ведама грамадзян Здарэнні і бяспека

Пытанні палавой недатыкальнасці непаўналетніх у нашай краіне знаходзяцца на асаблівым кантролі праваахоўнікаў, іх прафілактыцы надаецца значная ўвага.

Да злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды беларускае заканадаўства адносіць гвалт (арт. 166 КК), гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару (арт. 167 КК), палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту (арт. 168 КК), распусныя дзеянні (арт. 169 КК), прымус да дзеянняў сэксуальнага характару (арт. 170 КК), іншае.

Варта ведаць, што артыкул 168 КК прадугледжвае адказнасць за палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, нават калі ўсё адбывалася з добраахвотнай згоды пацярпелага. Калі падобныя дзеянні ўчыняе чалавек, які дасягнуў васямнаццацігадовага ўзросту, ён будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Пры гэтым не маюць значэння ступень палавой сталасці, папярэднія паводзіны, наяўнасць ранейшых сэксуальных кантактаў, іншыя падобныя абставіны, якія характарызуюць пацярпелага. Абвінавачанымі па гэтым артыкуле могуць быць і мужчыны, і жанчыны, калі ім ужо ёсць 18 гадоў і яны ведалі пра непаўналетні ўзрост пацярпелага. Санкцыі артыкула прадугледжваюць сур’ёзную адказнасць: абмежаванне волі да чатырох гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам. Калі злачынства ўчыняе асоба, раней судзімая па артыкулах 166 ці 167 КК, або чалавек, на якога ўскладзены абавязкі па выхаванні, утрыманні, забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя непаўналетняга, або група асобаў, то пакаранне будзе толькі з пазбаўленнем волі ад трох да дзесяці гадоў.

Крымінальныя справы гэтай катэгорыі з’яўляюцца справамі публічнага абвінавачання, значыць, узбуджаюцца незалежна ад наяўнасці заявы пацярпелага і не спыняюцца пры прымірэнні бакоў, нават заключэнне шлюбу не з’яўляецца падставай для вызвалення ад крымінальнай адказнасці.

За 2017-2018 гады і пачатак 2019 года па артыкуле 168 КК асуджаны сем чалавек, сярод якіх шэсць мужчын і адна жанчына, прычым пяць з іх раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Па ўсіх справах палавыя кантакты былі неаднаразовымі. Большасць злачынстваў учыняліся дома ў абвінавачаных, а таксама ў машынах, дамах сяброў. Узрост абвінавачаных 18-23 гады. Сярод пацярпелых чатыры навучэнцы школ, тры – сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установаў, шэсць пацярпелых выхоўваліся ў няпоўных сем’ях, сярод якіх тры сям’і былі сацыяльна ненадзейныя, тры – шматдзетныя.

Прафілактыка злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці падлеткаў да 16 гадоў з сацыяльна ненадзейных сем’яў патрабуе асаблівай увагі. Адсутнасць кантролю бацькоў, недастатковая ўвага службаў прафілактыкі ствараюць умовы для ранняга палавога жыцця.

Праблема злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх абумоўлена, у першую чаргу, змяненнем поглядаў на традыцыйныя сацыяльныя і маральныя нормы, шырокім распаўсюджаннем інфармацыі аб розных формах сэксуальных паводзінаў. Падлеткі з-за страху, сарамлівасці, адсутнасці даверлівых адносінаў з бацькамі шукаюць адказы на пытанні ў інтэрнэце і сярод больш развітых равеснікаў і ў далейшым не ўсведамляюць сур’ёзнасці ранніх палавых зносінаў. Палавое выхаванне падлеткаў, даверлівыя размовы з бацькамі, тлумачэнне прыкметаў злачынстваў супраць жыцця, здароўя, палавой недатыкальнасці, іншыя прафілактычныя мерапрыемствы дазволяць скараціць колькасць злачынстваў і абараніць падрастаючае пакаленне ад псіхалагічных і фізічных траўмаў. Бацькі павінны быць уважлівымі, заўважаць рэзкую змену паводзінаў дзяцей, ведаць, чым яны цікавяцца і захапляюцца, з кім і як бавяць вольны час.

Сяргей СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна