Міністр пахваліў і паціснуў руку

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Выпускнікі Дзятлаўшчыны пабылі на рэспубліканскім свяце “Апошні званок-2019”, якое сёлета праходзіла ў Оршы. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі каля двух тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі. Наш раён прадстаўлялі “залаты фонд” Дзятлаўшчыны, шматразовыя пераможцы конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародных, – Ягор Сокал, Яўген Анушкевіч з Новаяльнянскай сярэдняй школы, Наталля Крывулька, Кацярына Залеўская з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

Яны падзяліліся ўражаннямі ад паездкі.

Ягор Сокал:

– Для мяне рэспубліканскае свята апошняга званка ў Оршы было адметнае тым, што ад міністра адукацыі я атрымаў узнагароду “Лепшы выпускнік-2019” з каштоўным падарункам. Ігар Васільевіч Карпенка паціснуў мне руку і сказаў: “Малайчына, так трымаць!”.

Прыемна было, што арганізатары сустрэчы зрабілі многае, каб свята стала для нас камфортным, яркім, запамінальным. Перад урачыстай лінейкай валанцёры бясплатна раздавалі ўсім жадаючым марожанае. У час канцэрта тыя, хто не любіць гучную музыку маглі пагуляць па калідорах, паглядзець карціны, надзець акуляры віртуальнай рэальнасці. Відовішчным быў і феерверк, які доўжыўся па маіх падліках амаль дзесяць хвілін. Мне прыемна было трапіць на сустрэчу лепшых выпускнікоў краіны, хоць давялося прапусціць лінейку ва ўласнай школе, затое атрымаў шмат новых уражанняў.

Яўген Анушкевіч:

– Паездка ў Оршу была запамінальнай. Самым яркім момантам мерапрыемства, на мой погляд, стаў феерверк напрыканцы свята. Раней такі я бачыў толькі па тэлевізары. Спадабаліся таксама ўрачыстая частка і канцэрт. Я задаволены, што мае старанні на працягу 11 гадоў вучобы былі ўзнагароджаны такім чынам. Было прыемна сустрэцца з лепшымі вучнямі нашай краіны, займець новых сяброў, паслухаць зорак эстрады. Не думаў, што столькі знакамітасцяў так проста можна пабачыць за адзін дзень. Вельмі ўдзячны, што арганізатары свята зрабілі нам такія падарункі.

Наталля Крывулька:

– Я доўга сумнявалася, ехаць ці не – вельмі хацелася пабыць на апошнім званку ў сваёй роднай школе. Але бацькі сказалі, што ў жыцці падобны шанц наўрад ці яшчэ будзе – і я рашылася. Ніколечкі не шкадую, што пабыла ў Оршы. Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, усё спадабалася. Напярэдадні экзаменаў нам была патрэбна сур’ёзная перазагрузка. У гэтым сэнсе вельмі дапамог канцэрт. Мы паслухалі выступленні зорак эстрады, патанцавалі, паднялі сабе настрой. Цяпер з новымі сіламі здаём экзамены.

Кацярына Залеўская:

– Я ўпершыню трапіла на мерапрыемства, дзе сустрэліся лепшыя выпускнікі краіны. Уразілі ўзровень і маштаб свята. Вельмі спадабаўся канцэрт – падарунак для моладзі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хэдлайнерам канцэрта быў расійскі спявак Сяргей Вараб’ёў, у праграме прымалі ўдзел Дзядзя Ваня, Лера Яскевіч, “Без Білета”, Naviband, “Дразды”. Адназначна: такое свята запомніцца на ўсё жыццё.

Ірына СТЫРНІК

Фота TUT.by