Дружныя і адданыя Наваельні

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёлета Дзятлаўшчыну на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2019”, які праходзіў у Гродне, прадстаўлялі і ўвайшлі ў шасцёрку лепшых Ігар і Вольга Макарчыкі з Наваельні і іх трое дзяцей – Аляксей, Яўген і Сафія.

Другі год запар гэта сям’я становіцца пераможцай раённага этапу конкурсу. Цікава было даведацца, як Макарчыкам удалося ўтрымаць лідарскую пазіцыю ў раёне і чым яны здзіўлялі абласное журы.

 

– Мы аптымісты са стажам, – дзеліцца сакрэтамі поспеху Вольга Аляксандраўна, – 24 чэрвеня 2019 года наша сям’я адзначыць 13-годдзе свайго існавання. З мужам жывём дружна, умеем дамаўляцца, знаходзіць кампрамісы, мяркую гэта і дапамагае рухацца ў адным кірунку, будаваць сумесныя планы, ажыццяўляць іх. Агульнае захапленне нашай сям’і – спорт. На гэтым і рабілі акцэнт у час конкурсу, тым больш, што малодшыя деці, Яўген і Сафія, вялікія непаседы, актыўныя і рухавыя. Такую энергію трэба пастаянна скіроўваць у мірнае русла, у чым вельмі дапамагаюць рухомыя гульні. У гэтым сэнсе наш тата прафесіянал. У свой час ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Нягледзячы на тое, што цяпер Ігар працуе па іншай спецыяльнасці, ён актыўна захапляецца спортам, гуляе ў футбол і валейбол. Тата змог зацікавіць фізкультурай дзяцей, мне таксама давялося ўключацца ў актыўнае жыццё, каб не адставаць ад родных. Цяпер нам заўсёды цікава разам. Напрыклад, у планах на гэтае лета – традыцыйны сямейны паход з палаткамі, начоўкай і рыбалкай.

З вашага выступлення на раённай сцэне памятаю, што шмат цёплых словаў вы сказалі пра родны пасёлак. Любіце Наваельню?

– Як жа не любіць той куточак, дзе нарадзіўся і вырас, сустрэў сваё каханне. І ў Дзятлаве, і ў Гродне мы расказвалі пра родны пасёлак, што раскінуўся на беразе прыгожага возера пад крыламі стромкіх сосен. Наваельня мае багатую гісторыю, і менавіта тут пачалася гісторыя нашай сям’і. Яна простая, але ад гэтага не менш шчаслівая. Мы з мужам раслі побач, хадзілі ў адну школу і спачатку не заўважалі адзін аднаго. У старэйшых класах пачалі сустракацца, а праз два гады пасля школы – згулялі вяселле. Як кажуць, дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся. Цяпер жывём і працуем у родным пасёлку, а ў школе, дзе вучыліся тата і мама, вучацца два нашыя старэйшыя сыны, падрасце і будзе вучыцца малодшая дачка. Нам шанцуе на добрых землякоў, асабліва гэта даказала група падтрымкі, якая актыўна хварэла за нашу сям’ю ў час раённага і абласнога этапаў конкурсу.

– А хто дапамагаў рыхтаваць выступленне?

– За дапамогу і падтрымку мы вельмі ўдзячны таленавітым педагогам Новаяльнянскай сярэдняй школы Наталлі Канстанцінаўне Курэц і Галіне Іванаўне Масловіч. Усе рэпетыцыі яны арганізоўвалі ў зручны для нас час, падтрымлівалі маральна, матывавалі на поспех. Наталля Канстанцінаўна напісала выдатны сцэнарый. Наша першае месца ў раёне – гэта і іх заслуга таксама.

У час падрыхтоўкі на абласны этап конкурсу ў справу актыўна ўключыліся дзятлаўчане, паколькі ў Гродне мы прадстаўлялі цэлы раён. Стварыць яркую відэапрэзентацыю для конкурсу хатняга задання “Радавод” дапамог Іван Іванавіч Каско. Праводзіць рэпетыцыі дома, прыгожа аформіць выставу творчасці ў Гродне дапамагалі спецыялісты і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. І можам шчыра запэўніць усіх, хто пакуль баіцца ўдзельнічаць у конкурсе “Сям’я года”, што не варта паддавацца страху. Падтрымка з боку арганізатараў будзе пастаяннай.

 

– Што ваша сям’я ў час конкурсу хацела данесці да гледачоў і журы?

– Мы імкнуліся расказаць людзям, што дзеці – галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, што трэба захоўваць сямейныя каштоўнасці, каб пазней падрастаючае пакаленне берагло іх ужо ва ўласных сем’ях. Сваіх дзетак мы стараемся выхоўваць так, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Вельмі хочацца, каб і цяперашнія сем’і, і будучыя былі моцнымі, дружнымі, мудрымі, каб шлюб заключаўся адзін раз і на ўсё жыццё, каб бацькі любілі і бераглі сваіх дзетак.

– У вас іх трое, калі заключалі шлюб, спадзяваліся стаць шматдзетнымі?

– На самой справе – не. Ігар лічыў, што будзе дастаткова аднаго дзіцяці, я хацела дваіх, у выніку – гадуем трох. Мяркую, змаглі б паставіць на ногі і чатырох.

– Ці ёсць у вашай сям’і запаветная мара?

– Жывём у кватэры, а марым мець уласны вялікі дом, каб дзецям можна было на надворку паганяць мяч, пабегаць. Увогуле, лічым, што ўласнае жыллё проста неабходна маладым сем’ям, бо гэта тая прастора, на якой адчуваеш сябе гаспадаром, арганізоўваеш яе пад свае запыты і патрэбы.

– Вашы пажаданні сем’ям Дзятлаўшчыны.

– Жадаем ім жыць у міры і любові, гадаваць дзяцей годнымі людзьмі, быць актыўнымі і часцей удзельнічаць у конкурсах, накшталт “Сям’я года”, паколькі гэта станоўча ўплывае на ўмацаванне сямейных адносінаў.

Ірына СТЫРНІК