Дакрануліся да сэрцаў ветэранаў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З цёплымі словамі віншаванняў з надыходзячым Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і самымі добрымі пажаданнямі наведалі госці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анастасію Салікаву з Вензаўца.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў ёй юбілейны медаль “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Падзякавалі ёй за мужнасць і гераізм, адвагу і любоў да сваёй Радзімы старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко, старшыня раённага Савета ветэранаў Міхаіл Губар, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, артысты мясцовага Дома культуры і школьнікі.

Анастасія Салікава ўзгадала ваенныя падзеі, якія змянілі яе жыццё і назаўсёды засталіся ў памяці.

Добра памятае пра вайну і Лідзія Белавус, якая цяпер жыве ў Гезгалах. Здароўе жанчыну не радуе, але аптымізму хапае, каб глядзець у светлую будучыню. Падбадзёрылі яшчэ больш ветэрана прадстаўнікі ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, адміністрацыя Жукоўшчынскага сельвыканкама, раённы Савет ветэранаў і раённы камітэт ГА “БРСМ”.

Начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун перадаў Лідзіі Белавус юбілейны медаль “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, а навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы кранулі ўсіх душэўнымі вершамі, сэнс якіх быў вельмі блізкі да сэрца ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны.

Юлія БАКУНОВІЧ