Зямляк, якім ганарымся

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей наведаў акадэмік Міхаіл Нікіфараў.

На сустрэчы прысутнічалі вучні гімназіі № 1 горада Дзятлава, настаўнікі, грамадскасць горада. Навуковец пабываў таксама ў Новаяльнянскай сярэдняй школе, музеі “Дзеці ліхалецця”.

Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў наш зямляк, ён нарадзіўся ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна. Біёлаг, заолаг, эколаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар. З’яўляўся ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Навуковыя даследаванні праводзіць у галіне заалогіі, у тым ліку малекулярна-генетычнага профілю, арніталогіі, заа- і філагеаграфіі, экалогіі, аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання біялагічных рэсурсаў.

Арганізатар і кіраўнік новага кірунку ў развіцці беларускай заалагічнай навукі – малекулярнай заалогіі. Пры яго непасрэдным садзейнічанні сфарміраваны і актыўна выкарыстоўваецца генетычны банк дзікай фаўны. Стварыў нацыянальны цэнтр кальцавання і вывучэння міграцый птушак.

Арганізатар Беларускага арніталагічнага таварыства, з’яўляўся прэзідэнтам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Мае больш за 200 навуковых прац. За поспехі ў прафесійнай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці неаднаразова ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі профільных міністэрстваў, Прэзідыума НАН Беларусі, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея