Вялікі цуд – сям’я

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Што можа быць даражэй за жыццё? Што можа быць даражэй сям’і, у якой ты нарадзіўся?

Што сям’я можа даць чалавеку? Сіла любові да сваёй сям’і асаблівым светам асвячае сапраўды шчаслівае жыццё.

Напярэдадні міжнароднага дня сям’і ў Гезгалаўскім яслі-садзе адбылася сустрэча ў сямейнай гасцёўні на тэму “Вялікі цуд – сям’я”.

У святочна аформленай музычнай зале сабраліся педагогі, бацькі і выхаванцы 4-6 гадоў. У сваім віншаванні загадчык Святлана Гурская адзначыла, што шчаслівая і дружная сям’я — гэта галоўнае багацце чалавека. Пажадала, каб ва ўсіх сем’ях уладарыла каханне, узаемапавага і дабрабыт. Звярнулася да прысутных з заклікам берагчы родных і блізкіх людзей, цаніць кожны дзень, праведзены разам.

Пяшчотныя словы пра вялікую ролю сям’і ў жыцці кожнага чалавека прагучалі ў вершаванай форме з вуснаў педагога сацыяльнага Галіны Гаўрош.

Педагогі і выхаванцы падрыхтавалі для бацькоў святочную “Літаратурную вечарыну”. Выразна, “ад усёй душы”, з пачуццём вялікага гонару, маленькія беларусы чыталі вершы на роднай мове. А выхаванка рознаўзроставай групы № 3 Нэллі Санюк  падарыла ўсім мамам песню “Земляныя яблыкі”.

У кожнай групе нашага дзіцячага саду ў бацькоўскіх вугалках размешчаны віншаванні з міжнародным днём сям’і, пажаданні шанаваць адзін аднаго, жыць у міры, ладзе і згодзе.

Выхаванцы рознаўзроставай групы № 3 адлюстравалі любоў да сваіх родных у малюнках “Мая сям’я”.

У рознаўзроставых групах № 2 і № 3 педагогам сацыяльным былі праведзены заняткі «Права дзіцяці жыць і выхоўвацца ў сям’і», «Права на жыллё і маёмасць», гульні «Назаві ласкава», «Нашы добрыя справы». Дзецям дадзены ўяўленні пра сваю сям’ю (значэнне сям’і ў жыцці чалавека; навошта патрэбна прозвішча, адкуль імя па бацьку).

Напрыканцы занятка педагог сацыяльны прапанавала дзецям пабудаваць з мяккіх геаметрычных фігур (модуляў) дом, дзе кожнага зразумеюць, падтрымаюць, кожнаму паспачуваюць. “Фундамент” дома быў закладзены з такіх будаўнічых блокаў, як “узаемадапамога”, “любоў”, “павага”, “давер”. А з “цаглінак”, на якіх былі напісаны паняцці “дабрыня”, “замілаванне”, “цярпенне”, “увага” склалі сцены. Такім чынам атрымаўся сапраўдны светлы і ўтульны дом. Яна пажадала дзецям, каб іх правы ніколі не парушаліся і каб у кожнага была дружная і шчаслівая сям’я.

Цяжка пераацаніць ролю сям’і ў у выхаванні асобы дзіцяці. Тое, што чалавек у дзяцячыя гады набывае ў сям’і, ён захоўвае на працягу ўсяго наступнага жыцця. Гэта добра разумеюць бацькі і выхавальнікі нашай дзіцячай установы, таму цеснай з’яўляецца ўзаемасувязь “дзеці – бацькі – выхавальнікі”.

У грамадстве ўзнікае разуменне таго, што дасягнуць сацыяльнага міру ў краіне, высокай культуры, патрыятычнай свядомасці народа можна толькі калі супрацоўнічаем разам – сям’я, дзіцячы сад, школа, грамадства. Толькі ўсім разам шляхам мэтанакіраванага выхаваўчага ўздзеяння можна залажыць у чалавеку несенне любові да людзей і дабра, залажыць асновы разумення духоўнасці як чалавечай патрэбы ў тым, што трэба сапраўды спяшаць рабіць дабро.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны