Весялінка, Клоўн і шоу мыльных бурбалак

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Свята завітала да выхаванцаў прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. З танцамі, песнямі, вясёлымі эстафетамі тут прайшоў Міжнародны дзень абароны дзяцей.

На святочнай пляцоўцы пад адкрытым небам сабралася шмат гасцей з падарункамі для дзятвы і ўстановы. Сярод сяброў цэнтра былі прадстаўнікі ААТ “ААБ Беларусбанк”, аддзела адукацыі райвыканкама, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, клуба “Нам гады не бяда”, РАНС, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “БРСМ”, “Таварыства чырвонага крыжа”, раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”.

Свята пачалося з музычных падарункаў ад навучэнцаў гімназіі №1 горада Дзятлава, якія яны падрыхтавалі пад кіраўніцтвам Святланай Андрунінай. Гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы. Павесяліцца да дзятвы прыйшлі клоун Смяшынкін, Весялінка, Хлусілка-Забіяка, а таксама роставыя лялькі Беларускага гульнявога ​​тэатра роставых лялек “Dolls4All” Губка Боб і Вавёрка. А кіраўнік тэатра Іван Каско заклікаў рабят на шоў мыльных бурбалак.

Яшчэ юныя ўдзельнікі свята рабілі зарадку, адгадвалі загадкі, танцавалі і выпрабоўвалі сваю фізічную загартоўку ў час вясёлай эстафеты. Пераборваючы смех, дзеці бегалі ў ластах і вялікіх ботах, скакалі па імправізаваных купінах, цесна абняўшыся, неслі мяч. Усе спартсмены атрымалі зарад бадзёрасці і добры настрой.

Не менш прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне падарункаў ад гасцей. Завяршылі праграму сумесны дынамічны танец і фота на памяць.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: