Вайны імгненні ў памяці нашчадкаў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне ў рамках раённай акцыі “Ад помніка да помніка” ў сельскіх саветах прадаўжаюцца вахты памяці, прымеркаваныя да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

8 мая ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў Казлоўшчынскім, Новаяльнянскім, Войневіцкім, Данілавіцкім, Дзятлаўскім і Мяляхавіцкім сельвыканкамах.

У гарадскім пасёлку Казлоўшчына каля брацкай магілы салдат і партызан, загінулых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры вызваленні Дзятлаўскага раёна сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, установаў і арганізацый, школьнікі, жыхары пасёлка, каб ушанаваць подзвіг ваеннага пакалення, якое адстаяла для нашчадкаў мір і свабоду.

З надыходзячым Днём Перамогі прысутных віншавалі першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч, настаяцель касцёла Сэрца Ісуса вёскі Рандзілаўшчына ксёндз Андрэй Пышынскі, навучэнцы, землякі.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінулых на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Скончылася мерапрыемства ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяла.

Да мемарыялаў воінскай славы і вечнага агню напярэдадні Дня Перамогі прыносяць жывыя чырвоныя кветкі, як сімвал пралітай за Радзіму крыві, жывой і вечнай падзякі воінам, якія аддалі сваё жыццё за мірнае неба.

Сёння выслалі кветкамі падножжа помніка загінулым салдатам у гарадскім пасёлку Наваельня, як знак памяці і смутку, бязмоўнае “дзякуй” за іх подзвіг.

У ліку тых, хто прыйшоў аддаць данінуну павагі, – прадстаўнікі раённай і мясцовай улады – старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец, школьнікі, мясцовыя жыхары.

Для навучэнцаў малодшых класаў Новаяльнянскай сярэдняй школы гэты дзень стаў асабліва ўрачысты – іх прынялі ў піянеры.

Ірына СТЫРНІК
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: