Прастора футбола з крэатыўным падыходам

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У  красавіку пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы міжнароднай федэрацыі футбола FІFА ўпершыню на тэрыторыі Беларусі Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” запусціла дзіцячую футбольную прэм’ер-лігу U-13 сярод дзяўчат.

Усяго ў дэбютным сезоне “Футбольнай дзявочай лігі” прымаюць удзел  каля 60 зборных каманд з усёй Беларусі.

У ходзе рэалізацыі праекта арганізатары прапануюць дзявочым камандам праверыць свае магчымасці ў афіцыйных міжрэгіянальных матчах са сваімі аднагодкамі.

Каманды-ўдзельніцы  падзелены на зоны па тэрытарыяльным прынцыпе: у кожнай групе  задзейнічана аднолькавая колькасць футбольных каманд, і ўсе яны знаходзяцца  на зручнай адлегласці адзін ад аднаго.

Усяго ў праекце былі задзейнічаны восем дывізіёнаў, кожны з іх падтрымлівалі футбалісткі нацыянальнай зборнай краіны.

Сістэма правядзення гульняў  паміж камандамі ажыццяўлялася па двухкругавой сістэме. Сустрэчы паміж камандамі запланавана правесці ў перыяд з красавіка па чэрвень.

Па заканчэнні спаборніцтваў кожны дывізіён будзе насіць назву ў гонар адной са знакамітых беларусак з розных галін дзейнасці, якія дабіліся  яркіх поспехаў у Беларусі або пакінулі значны след ў гісторыі нашай краіны.

Зборная каманда Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы гуляла ў дывізіёне #ІЗА, які носіць назву ў гонар Алаізы Пашкевіч. Падтрымку каманд прынеманскага дывізіёна, у тым ліку і нашу зборную, ажыццяўляла амбасадор ад нацыянальнай зборнай форвард Таццяна Маркушэўская.

Каманды-удзельніцы дывізіёна #ІЗА  прынялі ўдзел у 14 турах футбольнай  прэм’ер-лігі. Два з іх праходзілі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Зборная каманда дзятлаўчанак на сваёй тэрыторыі перамагла каманду футбалістак з Бярозаўкі з лікам 4 : 0, з камандай Гродзенскага раёна “Рэгіён-2010” сыгралі ўнічыю.

Апошнія, трынаццаты і чатырнаццаты туры, прайшлі 26 мая ў Шчучыне. Дзятлаўчанкі ў гэты дзень сустрэліся з лідскай камандай “Юнацтва”. Лік 2 : 0 – перамога на баку лідчанак. З гродзенскай камандай “Белкард” нашы дзяўчаты  згулялі  ўнічыю.

Пераможцай дывізіёна #ІЗА стала каманда “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна. Зборная каманда Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы заняла шостую пазіцыю ў турнірнай табліцы футбольнай лігі.

Па правілах спаборніцтваў пераможцы васьмі рэгіянальных зон выйдуць на рэспубліканскі этап, дзе ў сыграных па алімпійскай сістэме матчах вызначыцца лепшая каманда краіны.
Фінальны этап спаборніцтваў пройдзе на пачатку чэрвеня ў Мінску.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Фота прадаставіў трэнер-выкладчык па футболе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Ганчар