“Ноч музеяў-2019” у Дзятлаве

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Цікавую і насычаную праграму ў Міжнародны дзень музеяў – 18 мая прапанавалі сваім наведвальнікам работнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музей. Самы актыўны ўдзел ў мерапрыемствах прынялі юныя дзятлаўчане.

З вялікім задавальненнем дзеці пагулялі ў квэст-гульню “У пошуках сямейных каштоўнасцяў”. Ім неабходна было прайсці восем тэматычных станцый, на кожнай з якіх іх чакалі разнастайныя заданні, гульні. Усе вельмі стараліся, але перамаглі тыя, хто набраў больш жэтонаў.

На выставе “Парад ваеннай тэхнікі” былі прадстаўлены больш за сорак работ наведвальнікаў гуртка стэндавага мадэлізму, які працуе ў Дзятлаўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Найбольшую цікавасць, вядома, выстава выклікала ў хлопчыкаў, якія не проста любаваліся танкамі, машынамі, самалётамі, але і задавалі шмат пытанняў.

На “Літаратурны пікнік” усіх аматараў чытання запрасіла Алена Абрамчык. Удзельнікі пікніка ўзгадвалі любімыя кнігі, іх аўтараў, герояў.

У музейнай майстэрні па вырабе сямейнага абярэга Ала Свіб вучыла ўсіх жадаючых рабіць ляльку-дзесяціручку з ільну. Нашы продкі лічылі, што гэты абярэг дапамагае жанчыне-гаспадыні ўсё паспяваць рабіць па гаспадарцы. У цяперашні час абярэг не страціў свайго значэння, а ляльку можна таксама трымаць не толькі дома, але і паставіць на рабочым месцы, што дасць сілы для завяршэння ўсіх справаў.

На працягу ўсяго вечара госці музея маглі набыць сувенірную прадукцыю, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі.

 

Святлана ГРЫШЫНА,

Юлія БАКУНОВІЧ