Напоўніць дом жыццём, сэрца – пяшчотай

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Для кожнага з нас сям’я, быццам урадлівая глеба, якая дае сілы і моцы кволаму парастку ператварыцца ў магутнае дрэва.

Каб гэта адбылося, сям’я павінна ўмець супрацьстаяць вятрам выпрабаванняў, якія гуляюць на прасторах жыцця. Мудрэйшымі, значыць, мацнейшымі нас робіць вопыт, нават калі ён чужы. Сваёй гісторыяй і вопытам, як быць шчаслівымі, з нагоды свята падзялілася замяшчальная сям’я Гушча з Дзятлава, дзе выгадаваліся трое родных, а цяпер падрастае прыёмны сын Арцём Станкевіч.

– Вольга Яўгенаўна, Сяргей Іванавіч, раскажыце пра сваю сям’ю.

– Разам мы даўно. Выраслі і стварылі ўласныя сем’і трое нашых родных дзяцей: Арцём, Данііл і Ульяна. Мы дачакаліся першага ўнука – Давіда. Калі дзеці пайшлі з дома, ён апусцеў, вельмі хацелася зноў напоўніць яго жыццём. Мы з мужам самі гадаваліся ў доме-інтэрнаце, затым я адпрацавала там 20 гадоў, на той час брала дзяцей дахаты на канікулы і выхадныя, паколькі ведала, што жыццё без сям’і не салодкае. Выгадаваўшы сваіх, мы вырашылі ўзяць у сям’ю прыёмнае дзіця, марылі, што гэта будзе дзяўчынка, нават рыхтавалі дакументы на дзвюх сястрычак, але лёс склаўся інакш. Неяк мне патэлефанавала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Аркадзьеўна Жэгалік, расказала, што цудоўнаму трохгадоваму хлопчыку патрэбна сям’я. Я спачатку адмовілася і атрымала месяц на роздум. Увесь гэты час малілася, разумеючы, што вырашаецца лёс чалавека і будучыня нашай сям’і. Адказ прыйшоў праз сярэдняга сына Данііла, які сказаў, што не варта доўга думаць, калі Бог пасылае нам дзіця, якому патрэбна дапамога.

– Што змянілася са з’яўленнем Арцёма?

– Нам вельмі важна было прыняць яго не толькі ў сям’ю, але і ў сэрца. Калі першы раз ехалі ў Гродзенскі дом дзіцяці, вельмі хваляваліся, я нават не спала ўсю ноч. Убачыўшы Арцёма, села да яго на дыванок, а ён падышоў і даверліва паклаў галаву мне на плячо, такі маленькі, кволенькі, ён адразу “ўвайшоў” у маё сэрца. Забіраць Арцёма паехалі праз два тыдні разам з дзецьмі, для нас гэта было свята, купілі торт. Затым пачаліся будні, доўгая адаптацыя, былі слёзы і непаразуменне: дзіця прывыкала да нас, да сямейных правілаў, мы шукалі падыход да яго. Толькі праз паўгода стала крыху лягчэй. Цяпер Арцём – татаў любімчык, цэнтр увагі ўсёй сям’і. Вядома, бываюць розныя сітуацыі, але вырашаць іх стараемся мудра.

– Як пераадольваеце цяжкасці?

– Мы шмат размаўляем, тлумачым прыёмнаму сыну, што можна, чаго нельга, бо вельмі хочацца, каб Арцём вырас годным чалавекам. Напрыклад, Арцём сапернічае з нашым унукам Давідам, раўнуе нас. Мы яму тлумачым, што гэта першы ўнучак, якога таксама любім, што пяшчотай трэба абавязкова дзяліцца з блізкімі. Увогуле, Арцём – добрае дзіця. Ён заўсёды папытае дазволу, перш чым што-небудзь зрабіць, адрознівае дабро і зло, імкнецца быць лепшым, любіць мультфільмы пра Бога. Радуе, што ён прызнаецца ва ўчынках, не хлусіць нам. Магчыма, гэта таму, што яшчэ малы, але хочацца верыць, што так на яго ўплывае атмасфера праўдзівасці, якая пануе ў нашай сям’і. Я ганаруся сваім прыёмным сынам за яго старанні, кемлівасць, любоў да нас з мужам. Ён не памятае, што нам не родны, але мы расказваем яму пра гэта, каб пасля не было балюча даведацца. Праўда, Арцём пакуль мала ўвагі надае нашым словам, магчыма, таму што яму камфортна ў сям’і.

– Якія сямейныя традыцыі дапамагаюць вам стаць больш блізкімі?

– Разам мы адзначаем дні нараджэння нашых дзяцей, гадавіну вяселля таты і мамы, Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова. Ядзім мы таксама ўсе разам: ніхто не садзіцца за стол, пакуль не збярэцца ўся сям’я. Мае нявесткі расказваюць, што ў іх сем’ях было не так, а яшчэ яны кажуць, што, калі выгадуюць уласных дзяцей, таксама возьмуць на выхаванне прыёмных.

– Ці варта баяцца прыёмнага бацькоўства?

– Гэта павіна быць узважанае рашэнне, прынятае на сямейным савеце. Трэба разумець, што ўсім членам сям’і давядзецца жыць з прыёмным дзіцём, давяраць яму, часам, ахвяраваць дзеля яго ўласнымі інтарэсамі. Аднак складанасцяў хапае нават у жыцці простай сям’і, таму, мяркую, што выгадаваць хаця б адно дзіця-сірату ў многіх хопіць сілаў і любові.

– Вашы віншаванні землякам з Днём сям’і.

– Жадаю, каб усе сем’і, якія жывуць у нашым раёне і ў нашай краіне, былі трывалымі, дружнымі, каб у нягодах і радасцях родныя не пакідалі адзін аднаго, каб людзі прымалі сваіх блізкіх такімі, якія яны ёсць. Таксама жадаю, каб грамадскасць не “вешала ярлыкоў” дзецям-сіротам. Бяда можа здарыцца з любым маленькім чалавекам, і нельга дапускаць, каб дзіця заставалася сам-насам з недзіцячымі праблемамі.

Даведка: жадаючыя даведацца падрабязную інфармацыю аб стварэнні прыёмнай сям’і могуць звяртацца ў аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама (г. Дзятлава, вул. Чапаева, д.18 / 1, тэлефон 2-23-71), а таксама ў сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Дзятлава (г. Дзятлава, вул. Кутузава, д. 3, тэлефоны: 2-71-18, 6-15-25). На пытанні адкажуць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Анатольеўна Чайкоўская, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Аркадзьеўна Жэгалік.

Ірына СТЫРНІК