Месца, якое варта наведаць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы чацвёртых і пятых класаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава разам з педагогамі Аксанай Якаўчык, Святланай Урбан і Святланай Ванчук наведалі Брэсцкую крэпасць-герой.

Мы пабывалі ў музеі, у якім захоўваецца ўся гісторыя Вялікай Айчыннай вайны (зброя, ваенная форма, медалі, посуд, старадаўнія фота).

Больш за ўсё мяне кранула легенда пра савецкага салдата, які змагаўся адзін на працягу 10 месяцаў, не падпускаючы немцаў да развалінаў крэпасці.

Так, да апошняга біліся байцы. Пра гэта гавораць надпісы, пакінутыя абаронцамі ў руінах. Яны напісаныя крывёю, крэйдай на камянях і сценах: “Бывай, Радзіма!”, “Памром, але не здадзімся”, “Памром, але з крэпасці не пойдзем”.

У час экскурсіі мы даведаліся, што разам з памежнікамі змагаліся і іх жонкі і дзеці. Яны даглядалі параненых, падносілі снарады.

Яшчэ адным пунктам нашай экскурсіі быў музей чыгуначнай тэхнікі. Экспанаты музея даюць магчымасць адчуць моц і прыгажосць, унікальнасць і значнасць шматлікіх ідэй, сутыкнуцца з мінулым і па-сапраўднаму ацаніць усю гісторыю развіцця і ўдасканалення чыгуначнай тэхнікі ў розныя перыяды. Асаблівасцю музея з’яўляецца тое, што большасць экспанатаў дзеючыя. Яшчэ там ёсць выставачны павільён, у ім можна ўбачыць стылізаваныя макеты вакзалаў абласных цэнтраў і пазнаёміцца з гісторыяй развіцця чыгуначнай сеткі Беларусі.

Вялікай папулярнасцю музей карыстаецца не толькі ў грамадзян Рэспублікі Беларусь, але і ў турыстаў блізкага і далёкага замежжа.

Наша экскурсія была вельмі пазнавальнай, цікавай і захапляльнай.

Анастасія ЧАРАХОВІЧ,
навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава



Теги: