“Любазнайка” для кемлівай малечы

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

22 мая ў яслях-садзе № 1 горада Дзятлава сустрэліся самыя кемлівыя маленькія жыхары Дзятлаўшчыны.

Тут ладзіўся раённы інтэлектуальны конкурс для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Любазнайка” і першынство раёна па шашках “Шашачная шкатулка”. Спаборнічалі выхаванцы ўстановаў дашкольнай адукацыі, рознаўзроставых групаў навучальна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад-школа” Дзятлаўшчыны, якія ўжо сталі пераможцамі гэтых конкурсаў у сваіх установах.

Згодна з традыцыяй, юныя гаспадары пляцоўкі вынеслі сімвалічную эмблему конкурсу “Любазнайка”, а каб удзельнікі іспытаў хутчэй настроіліся на сур’ёзны лад, з імі правялі міні-інтэрв’ю. Танцавальны сюрпрыз для прысутных падрыхтавалі выхаванцы і педагогі ясляў-сада № 1 горада Дзятлава. Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, якая курыруе пытанні дашкольнай адукацыі ў раёне, Кацярына Гайдук заклікала юных інтэлектуалаў быць стараннымі і ўважлівымі на іспытах, пажадала ім удачы. Дзеці хорам прамовілі клятву конкурсу, у якой паабяцалі з усмешкай сустракаць цяжкасці і не засмучацца з-за памылак, пасля чаго накіраваліся выконваць заданні.

Удзел у іспытах інтэлектуальнага конкурсу “Любазнайка” прынялі 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, яшчэ 17 выпрабоўвалі свае здольнасці на першынстве раёна па шашках. Інтэлектуалам прапанавалі сем пісьмовых заданняў на картках, сярод якіх: вызначыць склад лічбы, знайсці аднолькавае, палічыць склады ў словах, расставіць знакі “больш”, “менш”, “роўна”, злучыць прадметы і геаметрычныя формы, вызначыць, чый цень, намаляваць фігуру па кропках. У перапынках паміж заданнямі праходзілі фізкультхвілінкі.

Наступным было індывідуальнае заданне па адукацыйных галінах “Чалавек і грамадства”, “Мастацтва”, “Дзіця і прырода”, “Навучанне грамаце”, “Фізічная культура”. Дзеці цягнулі “білецікі” і адказвалі на пытанні без падрыхтоўкі. Паралельна ў суседняй групе за шашачнымі дошкамі разгортваліся нежартоўныя баталіі.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне ўзнагародаў. Усе ўдзельнікі спартыўнага і інтэлектуальнага конкурсаў атрымалі адпаведныя сертыфікаты і падарункі ад спонсара мерапрыемства – раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Пераможцай першынства раёна па шашках “Шашачная шкатулка” сярод выхаванцаў сельскіх установаў адукацыі стала Соф’я Ляпешка з Дварэцкага ясляў-сада. Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны выхаванец Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марат Каменскі. Трэцяе месца – у Кірыла Лісоўскага з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Лідарам асабістага першынства сярод гарадскіх школ і абсалютным пераможцам турніру стаў Андрэй Жыбко з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава, на другім месцы – Аляксей Якшук з Новаяльнянскага ясляў-сада, на трэцім – Яўген Мілевіч з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава. У камандным першынстве сярод гарадскіх установаў дашкольнай адукацыі перамагла каманда дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава. Другое месца ў Новаяльнянскага ясляў-сада, трэцяе – у ясляў-сада № 1 горада Дзятлава.

Пераможцай раённага інтэлектуальна-творчага конкурсу для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Любазнайка” стала выхаванка Гезгалаўскага ясляў-сада Аліса Ліцкевіч. Другое месца падзялілі Маргарыта Сосік з ясляў-сада № 1 горада Дзятлава і Дар’я Кучынская з Казлоўшчынскага ясляў-сада. Трэцяе месца – у выхаванца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава Ціхана Статкевіча.

Ірына КАЎКЕЛЬ