Адзіны дзень інфармавання прайшоў на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Свежыя навіны Улада

16 мая на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэмах: “Ключавыя аспекты паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь”; “Занятасць дзяцей на канікулах і забеспячэнне іх бяспекі”; “Аб шкодзе тытунекурэння”; “Праблема інфармацыйнай бяспекі ў сетцы Інтэрнэт”.

Сем інфармацыйных груп  правялі сустрэчы з працоўнымі калектывамі раёна і грамадзянамі па месцы жыхарства. У склад інфармацыйных груп увайшлі спецыялісты іншых сфераў і ведамстваў.

Кіраўнікі пазнаёмілі работнікаў установаў і прадпрыемстваў, жыхароў раёна з ключавымі аспектамі Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

У ходзе выступлення Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на пытанні развіцця нацыянальнай эканомікі, малога і сярэдняга бізнэсу, IT-сферы, гандалю і экспарту, прамысловага і аграпрамысловага комплексаў, росту даходаў насельніцтва і коштавай палітыкі, занятасці насельніцтва. Была звертута ўвага на развіццё і добраўпарадкаванне рэгіёнаў, дзяржаўную кадравую палітыку, сацыяльную палітыку ў сферы адукацыі, медыцыны, спорту і турызму. Аднымі з важных сталі пытанні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, міжнароднай абстаноўкі, нацыянальнай бяспекі, пытанні па барацьбе са злачыннасцю, правапарушэннямі і карупцыяй, а таксама аб змене Канстытуцыі і маючых адбыцца выбарчых кампаніях.

Па пытанні “Занятасць дзяцей на канікулах і забеспячэнне іх бяспекі” выступілі спецыялісты аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама. Яны адзначылі, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна сёлета плануецца аздаравіць 1477 дзяцей, арганізаваны 21 аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем, у якіх могуць адпачыць 850 хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя гэтага, на тэрыторыі раёна будуць працаваць летнікі з кругласутачным знаходжаннем, у якіх змогуць адпачыць і падмацаваць здароўе 460 дзяцей. Свае паслугі па аздараўленні дзяцей з 18-дзённым  адпачынкам прапануе летнік “Баравічок” і яшчэ дванаццаць іншых 9-дзённых профільных летнікаў.

Акрамя гэтага, у гэтым годзе для дзяцей арганізаваны чатыры летнікі ў жывапісных месцах раёна. Работа спартыўна-аздараўленчых летнікаў плануецца на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, а таксама ў Казлоўшчынскай і Хвінявіцкай сярэдніх школах.

Падлеткі  змогуць адпачыць і папрацаваць у лагерах працы і адпачынку, у вытворчых брыгадах па накіраваннях органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, у студэнцкіх атрадах, сфарміраваных камітэтамі грамадскага аб’яднання БРСМ.

Таксама аддзелам адукацыі на летні перыяд арганізавана дзейнасць сістэмы дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. Дзеці могуць наведваць гурткі і секцыі, куды хадзілі на працягу ўсяго навучальнага года.

Аб праблемах злачынстваў у сферы інтэрнет-бяспекі расказалі супрацоўнікі АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Яны падкрэслілі, што ў апошні час у нашай краіне назіраецца інтэнсіўны рост злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, павялічылася колькасць кіберзлачынстваў. Схемы здзяйснення кіберзлачынстваў становяцца ўсё больш складанымі, удасканальваюцца спосабы забеспячэння сеткавай ананімнасці. У большасці выпадкаў гэта завалоданне грашыма з банкаўскіх карт. Праваахоўнікі заклікалі грамадзян быць максімальна пільнымі і не раскрываць канфідэнцыяльную інфармацыю аб уласных банкаўскіх картах, кодах і рахунках.

Работнікі аховы здароўя расказалі прысутным  аб шкодзе тытунекурэння і яго небяспечным уздзеянні на арганізм чалавека.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Ірына СТЫРНІК
Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: