Віся, рэчка, стужкай сіняй

Грамадства Свежыя навіны

Моладзь Дзятлаўшчыны далучылася да абласной добраахвотнай экалагічнай акцыі “Малым рэкам – вялікі клопат”.

Гэта мерапрыемства арганізавана Гродзенскім абласным райкамам ГА “БРСМ”. У мінулым годзе акцыя была прысвечана Году малой радзімы, сёлета – яшчэ і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.

У суботу, 13 красавіка, валанцёры сярэдняй школы № 1 і гімназіі № 1 горада Дзятлава на чале са спецыялістамі раённага камітэта ГА “БРСМ” шчыравалі ў скверы каля ракі па вуліцы Чырвонаармейскай. Удзельнікі працоўнага дэсанта пачысцілі рэчышча ад смецця, сабралі яго па берагах, падграблі старую траву.

Як зазначылі юныя ўдзельнікі акцыі, іх мэта – прыцягнуць увагу гараджан да неабходнасці навядзення і падтрымання парадку прыбярэжнай тэрыторыі рэк і вадаёмаў.

Як і ў іншых кутках Гродзеншчыны, у Дзятлаўскім раёне акцыя будзе праходзіць у некалькі этапаў і прадоўжыцца да 30 верасня. Актыўны ўдзел у ёй прымуць валанцёры – навучэнцы ўстановаў адукацыі нашага раёна.

Актывісты спадзяюцца, што і іншыя дзятлаўчане звернуць увагу на праблему чысціні гэтых прыродных аб’ектаў і не будуць смеціць там, дзе гэтага рабіць нельга.

Кацярына ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”



Теги: