Сімвал жыцця і росквіту: у Таркачах з’явілася алея да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У вёсцы Таркачы каля магазіна «Родны кут» хутка стане па-асабліваму ўтульна і прыгожа: 18 красавіка там з’явілася яблыневая алея.

Пры падтрымцы старшыні Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганны Жых, старасты вёскі Ларысы Альшэўскай і дырэктара Таркачоўскага дзіцячага сада-базавай школы прадстаўнікі моладзі, члены ГА «БРСМ», пасадзілі карлікавыя яблыні ў адным з самых наведвальных месцаў вёскі.

Неабыякавыя вяскоўцы акультурвалі тэрыторыю, прыцягваючы да гэтага нават самых маленькіх жыхароў Таркачоў. Калі, як не з дзяцінства прывучацца да працы і развіваць патрыятызм?

Гэта не проста новая алея, а сімвал жыцця і росквіту. Гэта падзяка сучаснага пакалення ветэранам за магчымасць жыць і развівацца, расці і шанаваць мірны час.

Каб не сцерлася памяць пра мінулую вайну і тых, хто абараніў Радзіму ад фашысцкага нашэсця, у новым яблыневым садзе будзе ўсталявана шыльда з напамінам пра тое, што ўжо 75 гадоў наша зямля вольная і незалежная.

Прадстаўнікі новага пакалення абяцаюць клапаціцца аб памятнай алеі і перадаваць сваім нашчадкам цяжкую гісторыю вайны, якую самім пашчасціла даведацца толькі па расказах.

Па іншы бок магазіна, таксама дзякуючы актыўнасці жыхароў вёскі Таркачы, з’явіліся елі.

Магчыма, такі маленькі ўпрыгожаны куток зямлі, які цалкам стварыўся рукамі вяскоўцаў, аднойчы ўвойдзе ў гісторыю.