Родная зямля дорыць таленты

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Пад такой назвай прайшоў справаздачны канцэрт дзіцячых школ мастацтваў раёна.

Даўно ўжо сталі традыцыйнымі штогадовыя справаздачныя канцэрты навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Праходзяць яны звычайна вясной, прычым настолькі адметна і запамі­нальна, што пастаянна збіраюць поўную залу гледачоў. Так было і 24 красавіка.

Вельмі хутка скончыцца доўгі навучальны год, і таленавітыя дзеці Дзятлаўшчыны прадэманстравалі, чаму навучыліся і да чаго імкнуцца.

Канцэртная праграма пачалася з выступлення юных піяністак.

У Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў бывае светла і цёпла нават па вечарах, калі, напрыклад, гучаць кампазіцыі з назвай “Сонейка” ад маленькіх скрыпачак. А калі гэта падмацоўваецца  дзіцячым хорам з песняй “Залатое сонейка” – у гледачоў у зале няма шанцаў не заўсміхацца ад добрага настрою.

Пры доўгім знаходжанні на сонцы можна добра загарэць – так палічылі дзеці і ўключылі ў канцэртную праграму п’есу “Маленькі негрыцёнак”.

Калі на сцэну выйшлі танцоры з Казлоўшчыны, уседзець на месцы прысутным было не так проста: магчыма, многім хацелася ў той час далучыцца да вясёлага танца “До-рэ-мі”.

Некалькі хвілін – і гледачы змаглі перамясціцца ў… Гавану! Так, менавіта паўднёвыя і тэмпераментныя рытмы ў выкананні цымбалістак Анастасіі Салата і Яны Папроцкай паспрыялі добраму адпачынку ў кубійскай сталіцы.

Там кожны мае волю і можа лятаць, быццам птушка, таму як раз пра вольную птушку праспявала Віялета Юшкевіч.

Без якога інструмента не можа абысціся ні адзін сучасны аркестр? Вядома, без саксафона. Валерыя Ніканава паказала, што інструмент можа гучаць і таямніча, і пяшчотна, і хвалююча.

На працягу канцэртнай праграмы атмасфера была то расслабляльнай, то вострай. Калі хто не чуў англійскую жыгу на домры, можа пашкадаваць, што не трапіў на дзіцячы канцэрт у Дзятлаўскай школе мастацтваў. Майстарскі спалучыла іншаземныя матывы са славянскім інструментам выпускніца ўстановы Дар’я Жамойцік. Дайшлі да міжнацыянальнай калабарацыі – хутка і пра карэла-фінскую польку ўзгадалі.

Дарэчы, калі гаворка зайшла пра танцы, ці ўмее хто танцаваць пальцамі? Вось прафесійныя музыкі Таццяна Шостка і Аляксандр Клімец паказалі ўсім майстар-клас на баянах з п’есай “Танцуючыя пальцы”.

У час мерапрыемства было шмат умоўных падарожжаў у іншыя краіны, але дзе б мы ні знаходзіліся, нельга забываць пра тое, што наша родная Беларусь ужо 75 гадоў не ведае вайны. Усё гэта дзякуючы тым, хто ўласным жыццём адстойваў Перамогу, таму лірычнымі нотамі скончылася канцэртная праграма. Дзеці ў песнях падзякавалі героям за шчасце і спакой на Зямлі.

Юлія БАКУНОВІЧ