Наталля Красачка правяла прыём у Дзятлаве

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі прадаўжае ладзіць выязныя прыёмы ў рэгіёнах.

17 красавіка ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прыём грамадзян правяла намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, начальнік упраўлення сацыяльнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Красачка.

Наталлі Уладзіміраўне паступіла шэсць зваротаў ад жыхароў нашага раёна, якія тычыліся жыллёва-камунальнай сферы, працаўладкавання, правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава, пасажырскіх перавозак, афармлення дакументаў, паляпшэння жыллёвых умоваў.

Кожнага з заяўнікоў прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта выслухала індывідуальна, у час прыёму пастаралася дэталёва разабрацца ў праблемах людзей, адпаведным структурам былі дадзены даручэнні. Наталля Уладзіміраўна папрасіла спецыялістаў адказных службаў раёна пры падрыхтоўцы адказаў даваць тлумачэнні, зразумелыя любому чалавеку без спецыяльнай адукацыі.

Першым да прадстаўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуўся жыхар адной з вёсак раёна. У сувязі з закрыццём міні-палігонаў для смецця Дзятлаўскае РУП ЖКГ заключае дагаворы з вяскоўцамі на вываз цвёрдых бытавых адходаў. З умовамі свайго дагавора мужчына не згодны, просіць яго перазаключыць. Наталля Красачка даручыла на працягу тыдня разабрацца ў сітуацыі, таксама трымаць пытанне на кантролі ў цэлым па раёне. Для правядзення тлумачальнай работы з людзьмі падключыць стараст вёсак.

Другі зварот паступіў ад дзятлаўчанкі, якая выказала жаданне працаваць па спецыяльнасці (жанчына эканаміст, працавала бухгалтарам, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў). Заява прынята да ведама: пры выхадзе дзятлаўчанкі на работу будзе разгледжана магчымасць яе працаўладкавання з улікам спецыяльнасці.

Адну з жанчын хвалявала невыкананне правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава. Праблема ўзнікла з-за бетоннай канструкцыі, падобнай на сцяну, якую ўзвялі “суседзі” па ўчастку, дзе пахаваны муж грамадзянкі. Жанчына ўжо звярталася ў розныя інстанцыі. Паколькі, згодна з заканадаўствам, парушэнні ёсць і ў яе, і ў суседзяў па могілках, спрэчка не вырашана. Па гэтым пытанні Адміністрацыяй Прэзідэнта даручана разабрацца органам рэспубліканскага кіравання.

Наступная заяўніца цікавілася магчымасцю ў інтарэсах пасажыраў чыгункі памяняць расклад міжгародніх аўтобусаў, што ходзяць праз пасёлак Наваельня да Дзятлава. Або абсталяваць на чыгуначным вакзале аўтобусны прыпынак. Жанчына патлумачыла, што калі дызель спазняецца, на аўтобус можна не паспець і страціць магчымасць дабрацца да райцэнтра на грамадскім транспарце.

Спецыялісты раённых службаў паабяцалі звярнуцца ў кампетэнтныя ведамствы для ўзгаднення пытання па абсталяванні аўтобуснага прыпынку на чыгуначным вакзале.

Неаднаразова звярталася ў райвыканкам наконт паляпшэння жыллёвых умоваў дзятлаўчанка, якая гадуе пяць дзяцей. Паводле заканадаўства ёй былі дадзены тлумачэнні, прапаноўваліся варыянты вырашэння сітуацыі, але ні адзін з іх не задаволіў шматдзетную маці. На гэты раз жанчыне патлумачылі яе магчымасці згодна заканадаўству. Раённым службам даручана разгледзець усе магчымыя варыянты паляпшэння жыллёвых умоў сям’і.

Таксама Наталля Красачка даручыла раённым службам аказаць садзейнічанне ў арганізацыі аздараўлення дзяцей з гэтай сям’і ў летніх лагерах, даведацца, ці не патрэбна ім дадатковая медыцынская дапамога.

Напрыканцы прыёму прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пабыла на аб’ектах, па якіх узнікалі пытанні, каб больш дэталёва разабрацца ў праблемах дзятлаўчан і параіла пры прыняцці рашэнняў па зваротах грамадзян кіравацца ўважлівымі адносінамі да людзей.

Ірына СТЫРНІК