Міхаіл Жалабоўскі. Імёны гісторыі вялікага спорту

Свежыя навіны Спорт і турызм

У чэрвені 2019 года міжнародны спорт высокага ўзроўню завітае ў Беларусь – у нашай краіне пройдуць II Еўрапейскія гульні, якія, па-сутнасці, з’яўляюцца Алімпійскімі гульнямі кантынента Еўропа.

Вядома, мы будзем захапляцца майстэрствам спартыўных зорак і чакаць ад беларускіх спартсменаў удалых стартаў. А яшчэ будзем прыгадваць імёны мінулых дзесяцігоддзяў вялікага спорту, сярод якіх і гэта – Міхаіл Жалабоўскі.

Міхаіл Жалабоўскі – наш зямляк. Нарадзіўся 8 мая 1946 года на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Скіпоравічы. Пасляваенныя гады былі небагатыя і не песцілі нават малалетніх дзяцей. Забавы малеча знаходзіла на вуліцы і тое, што ў спорце называецца лёгкай атлетыкай, натуральна ўвайшло ў хлапечае жыццё. Скіпораўская дзятва вельмі ўпадабала розныя даганялкі. Хто хутчэйшы? Нават у Казлоўшчынскую школу, дзе ён вучыўся, Міша заўсёды выпраўляўся бягом.  Брат Саша ехаў на веласіпедзе, а Міша бег следам.

Першая спартыўная перамога Міхаіла Жалабоўскага была на Слонімскіх раённых і Гродзенскіх абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Спартыўна адоранага хлопца неадкладна заўважылі і запрасілі на заняткі ў Слонімскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Яго трэнерам стаў Генадзь Вількіцкі. Наступным дасягненнем Міхаіла стала перамога ў Рэспубліканскім лёгкаатлетычным кросе, а затым – перамога на спартакіядзе школьнікаў у эстонскім Таліне.

Міхаіл закончыў сярэднюю школу і паступіў у Беларускі інстытут фізічнай культуры. Тут яго спартыўным настаўнікам стаў заслужаны трэнер БССР Томас Робертавіч Рэннель. Адвучыўся Міхаіл адзін курс і… трапіў у зборную СССР па лёгкай атлетыцы. Адразу – у зборную СССР. Гэта была вялікая і, вядома, прыемная нечаканасць.

У 1965 годзе Міхаіл выйграў чэмпіянат СССР сярод юніёраў на дыстанцыях 800 і 1500 метраў, а на чэмпіянаце Еўропы здабыў сярэбраны медаль на 800 метрах.

А затым прыйшоў на ўсё жыццё памятны 1968 год. Жалабоўскага тэрмінова адазвалі з падрыхтоўчых збораў у горадзе Падольску і ўключылі ў склад алімпійскай зборнай СССР па лёгкай атлетыцы. Самалёт даставіў яго праз Атлантычны акіян на XIX Алімпійскія гульні ў Мехіка (Мексіка). За тры месяцы да Алімпіяды ён стаў чэмпіёнам СССР на дыстанцыі 1500 метраў, але да Алімпіяды мэтанакіравана не рыхтаваўся. Выступіўшы ў Мехіка амаль без падрыхтоўкі, Міхаіл заняў 11-е месца. Алімпійскіх уражанняў, аднак, засталося на ўсё жыццё.

У 1973 годзе стаў чэмпіёнам Сусветнай універсіяды на дыстанцыі 5000 метраў.

Актыўны спорт Міхаіл Жалабоўскі спалучаў з вучобай, рыхтаваўся да трэнерскай працы. У 1979 годзе закончыў Маскоўскую вышэйшую школу трэнераў.

Спартыўных перамог у Жалабоўскага шмат: ён трохразовы рэкардсмен СССР на дыстанцыі 5000 метраў, сяміразовы чэмпіён СССР на сярэдніх і доўгіх дыстанцыях, трохразовы пераможца матча СССР – ЗША.

У 1992 годзе Міхаіл Жалабоўскі звольніўся са службы ва Узброеных Сілах у званні маёра, перайшоў працаваць у Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы ў якасці інструктара-метадыста. На гэтай пасадзе ён працаваў 18 гадоў.

Трэнерскую працу беларускі лёгкаатлет, майстар спорту СССР міжнароднага класа Міхаіл Жалабоўскі завяршыў у 2011 годзе.

Традыцыйнымі для фізкультурнікаў і спартсменаў Дзятлаўскага раёна сталі забегі “Міля Жалабоўскага”, якія традыцыйна ладзяцца 1 Мая ў райцэнтры.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца