Лепшая сельская аптэка вобласці – у Казлоўшчыне

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гродзенскае гандлёва-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя” вызначыла пераможцаў конкурсу “Аптэка года-2018”.

Лепшай у вобласці сярод аптэк, якія працуюць у сельскай мясцовасці і аграгарадках, прызнана аптэка № 62 гарадскога пасёлка Казлоўшчына, загадчыцай якой працуе фармацэўт з 45-гадовым стажам Ларыса Бялятка. Дарэчы, увесь гэты час Ларыса Аляксандраўна паспяхова адпрацавала менавіта ў Казлоўшчыне, і, дзякуючы яе адданасці выбранай справе, работа мясцовай аптэкі заўсёды была на належным узроўні, а цяперашняй перамозе папярэднічала такая ж у 2012 годзе.

Цікаўлюся ў Ларысы Аляксандраўны, што ёй дапамагае дасягаць высокіх вынікаў.

– Плённае супрацоўніцтва з мясцовымі медыкамі і веданне кліентаў, – расказвае мая субяседніца. – Асартымент у нас багаты – каля паўтары тысячы найменняў. Гэта ў асноўным лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначэння, ёсць, вядома, біялагічна-актыўныя дабаўкі, фітачаі, касметыка. Увогуле, я імкнуся не прапускаць ні аднаго пажадання наведвальнікаў аптэкі. Усіх іх добра ведаю, вельмі люблю, шчыра жадаю, каб набытыя лекі прыносілі палёгку і выздараўленне.

– А колькі чалавек за дзень могуць наведаць вашу аптэку?

– Усё залежыць ад сезона, але прыкладна гэта 120-130 чалавек. Актыўнасць кліентаў узрастае ў суботу, бо ў выхадны дзень у людзей больш магчымасцяў выйсці па пакупкі і завітаць да нас.

– Ці прывабліваеце кліентаў скідкамі?

– Мы структурнае падраздзяленне “Фармацыі”. Калі гандлёва-ватворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства прапаноўвае скідкі, яны ёсць і ў нас. Гэта і сезонныя скідкі, напрыклад, на танометры ці сродкі ад загару, і скідкі да сваятаў 8 Сакавіка, Дня пажылых людзей. Ёсць і пастаянная скідка па карце для медыцынскага абслугоўвання, так званым “электронным рэцэпце”: да мінус 5 % ад кошту на айчынныя і да мінус 2 % – на замежныя лекі.

– Раскажыце пра свой працоўны шлях, з якім цесна звязаны значны адрэзак гісторыі Казлоўшчынскай аптэкі.

– Магчыма, здзівіцеся, але прафесію сабе я не выбірала – гэта зрабілі бацькі. Сям’я наша жыла ў Талявічах (вёска знаходзіцца ў суседнім Войневіцкім сельскім савеце). У 1971 годзе я на выдатна скончыла восем класаў і магла паступаць без экзаменаў. Мама пасадзіла мяне ў цягнік, адвезла ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча (цяпер каледж), дзе мы падалі дакументы на фармацэўтычнае аддзяленне. Працаваць я прыехала на Дзятлаўшчыну ў 1974 годзе, месяц пабыла ў Наваельні, а пасля накіравалі сюды, у Казлоўшчынскую аптэку. За 45 гадоў многае ў нашай установе памянялася. Калісьці ў штаце было восем работнікаў, самі мы выраблялі некаторыя лекі, фасавалі, быў касір, бухгалтар. Іншыя аптэкі нашага раёна таксама былі вытворчымі. Цяпер гэта функцыя засталася толькі ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай аптэкі № 55.

Вельмі складана было перажыць камп’ютарызацыю галіны. Шчыра кажучы, я пабойвалася камп’ютараў, думала, што ніколі не асвою “разумную” машыну, аднак з дапамогай праграмістаў, з падказкамі сябровак усё атрымалася. Аказалася, гэта не так цяжка, як здавалася напачатку. А ўжо пераходзіць на электронныя рэцэпты было значна прасцей. Праўда, не ўсе нашы кліенты да іх пакуль прывыклі, але, мяркую, яны абавязкова прызвычаяцца.

– Як лічыце, ці “модная” ў вас прафесія?

– Яна ў мяне сучасная, актуальная і вельмі запатрабаваная. Спецыялісты-фармацэўты высока цэняцца ў Беларусі. Безумоўна, сапраўднаму прафесіяналу неабходна “трымаць руку на пульсе”, каб не адстаць ад няспыннага развіцця галіны. Напрыклад, нам штомесяц дасылаюць прайс-лісты на новыя лекавыя прэпараты, з якімі абавязкова знаёмімся.

Я люблю сваю работу за магчымасць дапамагаць людзям. Каб давялося пражыць жыццё нанова, выбрала б толькі сваю прафесію. Дарэчы, мая сястра ўсё жыццё адпрацавала фельчарам, была вельмі адданая справе. Цяпер мая ўнучка Кацярына паступіла ў Віцебскі медінстытут. Малодшая Вікторыя, якая вучыцца ў шостым класе, часта паўтарае, што будзе фармацэўтам. Значыць, дынастыя людзей у белых халатах у нашай сям’і прадаўжаецца, і мае бацькі, выбіраючы для нас з сястрой прафесію, прынялі мудрае рашэнне.

Сказаць некалькі словаў пра Ларысу Бялятка мы папрасілі яе пастаянных кліентаў і кіраўніка – загадчыцу Дзятлаўскай цэнтральнай раённай аптэкі № 55 Лідзію Баравік.

 

Лідзія Баравік:

– Ларысу Аляксандраўну ведаю даўно, і заўсёды яна была на добрым рахунку: адказная, камунікабельная, выдатны настаўнік для маладых спецыялістаў. Гэта чалавек, які душой хварэе за даручаную справу, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у насельніцтва. Нездарма год ад году папаўняецца скарбонка яе працоўных узнагародаў, сярод якіх Ганаровая грамата Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, узнагароды Гродзенскага РУП “Фармацыя”, за добрасумленную выніковую працу імя Ларысы Бялятка было занесена на Дошку гонару абласнога ўнітарнага прадпрыемства і вось ужо другі раз аптэка № 62 гарадскога пасёлка Казлоўшчына прызнана лепшай у вобласці ў сваёй падгрупе.

Валянціна Скіба:

– Ларыса Аляксандраўна – залатая жанчына, заўсёды да яе звяртаюся. Яна не горш за доктара ведае ўласцівасці лекаў, пры неабходнасці можа патлумачыць, падказаць. Чалавек яна душэўны: чужы боль перажывае, як свой.

Аляксандр Калнацкі:

– Сказаць магу толькі добрае. Заўсёды параіць, што лепш для дарослага і дзіцяці, да пакупнікоў адносіцца з павагай. Ларыса Аляксандраўна – выдатны чалавек, з задавальненнем з ёй сустракаюся. Званне лепшай наша аптэка атрымала заслужана, бо тут працуе энтузіяст.

Таццяна Ярош:

– Ларысу Аляксандраўну называю “намесніцай Малышавай”: яна заўсёды шчырая і адкрытая да людзей, прафесіянал высокага ўзроўню. Здзіўляе, наколькі гэта энергічны, самаадданы чалавек, які не губляе энтузіязму. Думаю, што жыхарам пасёлка дапамагаюць не толькі лекі, па якія сюды прыходзяць, але і добрыя словы загадчыцы аптэкі, яе шчырае жаданне дапамагчы кожнаму.

Ірына КАЎКЕЛЬ