Кветкі мірнай Беларусі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава ў рамках святкавання 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў раённы конкурс фларыстаў-аранжыроўшчыкаў “Пад мірным небам Беларусі”.

Удзел у конкурсе прымалі дзевяць навучэнцаў ва ўзросце 11-16 гадоў з сямі ўстановаў адукацыі Дзятлаўскага раёна. Канкурсантам прапаноўвалася паспрабаваць свае сілы ў адной з дзвюх намінацый і падрыхтаваць аўтарскую работу за адну гадзіну. Рабяты, якія выбралі намінацыю “Сімвал Перамогі”, павінны былі за гэты час змайстраваць з фоамірану кветкі яблыні, якія ў нашай краіне, дзякуючы моладзевай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”, асацыіруюцца з гэтым святам.

Удзельнікі намінацыі “Букет пераможцу” з жывых кветак і фларыстычнага матэрыялу стваралі падарачныя кампазіцыі, якія можна было б уручыць тым, хто прайшоў цяжкія вёрсты вайны.

Удзельнікі конкурсу праявілі майстэрства і фантазію: у хуткім часе на іх сталах “зацвілі” штучныя бутаньеркі, з’явіліся цікавыя кампазіцыі.

Журы конкурсу вызначыла лепшых па намінацыях і ўзроставых катэгорыях. У намінацыі “Букет пераможцу” грамату за першае месца ў старэйшай узроставай катэгорыі атрымала Валерыя Гушча з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. У малодшай узроставай катэгорыі трэцяе месца заняла навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Анастасія Швец.

У намінацыі “Сімвал Перамогі” ў малодшай узроставай катэгорыі пераможцам прызнаны Дзмітрый Якшэвіч з Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, трэцяе месца падзялілі гімназістка Вікторыя Шымчык і навучэнка Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Кацярына Саўчыц. У старэйшай узроставай катэгорыі другое месца занялі Анастасія Кузміч з Казлоўшчынскай сярэдняй школы і Вікторыя Сямашка з Дварэцкай сярэдняй школы, трэцяе месца падзялілі Таццяна Орсік з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і Алеся Верамейка з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: