Хто ў горад завітаў?

Грамадства Свежыя навіны

У горадзе Дзятлаве ўсталявалі новыя скульптуры са штучнай травы.

З фантазіяй да добраўпарадкавання горада падышлі работнікі РУП ЖКГ.

Зялёна-чырвоныя скульптуры гнома, чарапахі, ката і сабак можна ўбачыць у цэнтральным парку горада. Зроблены яны ў стылі “тапіяр”. Акрамя гэтага, работнікі ЖКГ плануюць парадаваць дзятлаўчан дэкаратыўнымі дарожкамі, архітэктурнымі кампазіцыямі з камення.

Усё гэта хараство створана і размешчана таленавітымі “гаспадарамі горада” на радасць гараджан і гасцей раённага цэнтра ў рамках падрыхтоўкі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Тапіярная фігура – гэта скульптура з дэкаратыўнага расліннага матэрыялу, – расказвае тэхнік-азеляніцель ЖКГ Наталля Шапашнікава. – “Вырасціць” такую скульптуру з жывога зялёнага матэрыялу ў Беларусі досыць складана з-за не вельмі цёплага клімату і істотнага сезоннага перападу тэмператур.

Таму ў нашых парках зручней усталёўваць штучныя тапіярыі, якія вонкава мала чым адрозніваюцца ад жывых фігур.

Падрыхтоўку да стварэння нашых шэдэўраў мы пачалі загадзя: распрацавалі мадэлі фігурак, вызначыліся з матэрыяламі і сродкамі на іх набыццё. Неабходна сказаць, што работа праводзілася на працягу ўсяго мінулага года.

Ідэю стварэння гэтага ландшафтнага аб’екта прапанаваў наш дырэктар – Сяргей Луня. Ён прыклаў максімум намаганняў, каб своечасова забяспечыць работнікаў усімі відамі матэрыялаў, цяпер актыўна кіруе працэсам па своечасовым завяршэнні работ.

Работы, калі надвор’е дазволіць, плануем скончыць да пачатку новага тыдня.

Паважаныя жыхары горада Дзятлава і госці раёна, работнікі РУП ЖКГ шчыра просяць вас берагчы ландшафтныя аб’екты і пасадкі дэкаратыўных раслін, не зрываць пасаджаныя кветкі і не знішчаць прыгажосць роднага горада. Памятайце, за кожнай справай па добраўпарадкаванні горада стаіць штодзённая цяжкая праца работнікаў ЖКГ.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ