Дзятлаўская раённая бібліятэка атрымала дыплом ў міжрэгіянальным фестывалі кнігі

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прынялі ўдзел у міжрэгіянальным фестывалі “PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени”, які праходзіў у гарадскім пасёлку Карэлічы.

Фестываль быў прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.

Мерапрыемства праводзілася з мэтай выяўлення найбольш значных і перспектыўных напрамкаў інавацыйнай дзейнасці бібліятэк па папулярызацыі кнігі і распаўсюджванні чытання. У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі бібліятэк з Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, беларускіх выдавецтваў “Мастацкая літаратура”, “Рэгістр”, ТАА “ЛибриФАН”, пісьменнікі Міхась Лучыцкі і Валерыя Фамінова.Кожнай бібліятэцы-ўдзельніцы была прадастаўлена пляцоўка для афармлення сваёй зоны. Дзятлаўская раённая бібліятэка ладзіла кніжную экспазіцыю “Мая малая радзіма – мая Дзятлаўшчына” ў намінацыі “Добрыя справы для малой радзімы”. Госці і ўдзельнікі фестывалю маглі пазнаёміцца з гісторыяй нашага горада, літаратурай аб славутых земляках дзятлаўскай зямлі, з бібліятэчнымі праектамі і праграмамі, якія ладзяць бібліятэкі нашага раёна ў рамках Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі.
Пасля падвядзення вынікаў Дзятлаўская раённая бібліятэка атрымала перамогу ў намінацыі “Добрыя справы для малой радзімы” і ўзнагароджана дыпломам і памятным кубкам.

Марына БОРТКА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі



Теги: