Дзякуем за тое, што вы ёсць

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Найлепшыя пажаданні напярэдадні юбілейнага дня нараджэння адрасуем нашаму паважанаму Настаўніку, мудрай і прыгожай жанчыне – Раісе Ганчарэвіч, якая больш за 45 гадоў жыцця аддала сістэме адукцыі.

Гэта быў доўгі шлях, поўны ўзлётаў і падзенняў, радасці і нягодаў, перамогаў і плённай работы.

Працоўную дзейнасць Раіса Аляксандраўна пачала ў 1967 годзе піянерважатай Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці, працавала настаўніцай пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце гэтай установы. У 1983-м назначана на пасаду метадыста па пачатковых класах райметадкабінета аддзела народнай адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, затым пераведзена загадчыцай райметадкабінета. У 1994-2007 гадах займала пасаду намесніка загадчыка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама. Як кіраўнік паспяхова ўкараняла навейшыя дасягненні ў работу педагагічных калектываў раёна. Асабістым гонарам Раісы Аляксандраўны было адкрыццё ў раёне гімназіі. Яна і сёння радуецца кожнаму поспеху гімназістаў, як свайму ўласнаму.

– Вялікім шчасцем было працаваць у адным калектыве з такім выдатным чалавекам і надзейным паплечнікам, – зазначаюць яе вучаніцы з аддзела адукацыі Анжаліка Кухта, Алена Жадзейка, Наталля Калодка, Алена Чайкоўская, Рыта Місцюкевіч.  Няўрымслівая, поўная энергіі і энтузіязму, мэтанакіраваная і настойлівая, творчая, надзейная, абавязковая і адказная. Яе мудрасць і талент дапамагалі і дапамагаюць справіцца з любымі праблемамі.

– Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца, – любіць паўтараць Раіса Аляксандраўна. – Настаўнік павінен быць добразычлівым, цаніць і паважаць дзяцей, не проста даваць урокі, а творча працаваць, прыносячы карысць калектыву педагогаў краіны.

І на заслужаным адпачынку яна з задавальненнем працавала настаўніцай пачатковых класаў у санаторнай школе “Баравічок”. За шматгадовую добрасумленную выніковую працу ўдастоена высокай узнагароды – “Выдатнік сістэмы адукацыі”.

Раіса Аляксандраўна рэалізавалася як дасведчаны прафесіянал, добрая маці, клапатлівая бабуля. І цяпер яна займае актыўную жыццёвую пазіцыю: узначальвае раённы савет ветэранаў педагагічнай працы. З Яўгеніяй Рыгораўнай Савань яны не забываюць ушанаваць кожнага ветэрана, арганізоўваюць сустрэчы, патрэбныя людзям. Мы ўдзячны Раісе Аляксандраўне за мудрасць і цярпенне, за энтузіязм і знаходлівасць, зычым моцнага здароўя і нязгаснага запалу энергіі.

Вось як характарызуюць юбілярку яе былыя калегі.

Яўгенія Савань:

– Гэта вельмі разумны, патрабавальны чалавек, які ўмее арганізаваць любую справу. У той жа час, гэта абаяльная, душэўная жанчына, якая разумее людзей, любы іх боль прымае блізка да сэрца, гатовая прыйсці на дапамогу. Для кожнага знойдзе патрэбныя словы: супакоіць, падбадзёрыць, падтрымае. Я ўдзячная Богу, што сустрэла яе на сваім шляху.

Тамара Красюк:

– Яна добразычлівая ў размове, справядлівая, уважлівая, надзейны сябар і памочнік. Яна валодала высокім ўзрощнем прафесійнага майстэрства, шырокім арсеналам метадаў і прыёмаў навучання і выхавання. Раіса Аляксандраўна заўжды была прыхільніцай карысных новаўвядзенняў у адукацыйным і выхаваўчым працэсах, прытрымлівалася дэвізу “Стварай, выдумвай, спрабуй”.

Раіса Лакіза:

– Пра Раісу Аляксандраўну хочацца гаварыць многа, натхнёна. 17 гадоў працы поплеч з ёю ў аддзеле адукацыі для мяне былі вялікай навукай, прыкладам адказных адносінаў да справы, якой мы служылі. Па-добраму можна зайздросціць яе настойлівасці, апантанасці, няўрымслівасці. У маім сэрцы Раіса Аляксандраўна назаўсёды застаецца мудрым настаўнікам, сапраўдным метадыстам, мудрай прыгожай жанчынай.

Людміла Лапата:

– У жыцці кожнага чалавека сустракаюцца людзі, на якіх хочацца быць падобнымі. Для мяне гэта Раіса Аляксандраўна. Пад яе кіраўніцтвам праходзіла маё станаўленне як работніка аддзела адукацыі. Мы працавалі разам на працягу 20 гадоў у час карэнных зменаў у грамадстве і адукацыі. Мяне заўсёды ўражвалі яе энергія, мэтанакіраванасць, уменне граматна спланаваць, арганізаваць, прааналізаваць любую праведзеную справу, вывесці работу на новы ўзровень.

Педагогі раёна і ветэраны педагагічнай працы