Адчыняем дзверы для бізнэсу

Свежыя навіны Улада

26 сакавіка ў Дзятлаве стартавала абласная акцыя “Дні адчыненых дзвярэй для прадпрымальнікаў”, скіраваная на павышэнне граматнасці ў сферы вядзення бізнэсу.

Дзятлаўшчына першай прыняла мерапрыемства такога шырокага фармату, дзе на адной пляцоўцы сабраліся спецыялісты абласных і раённых службаў і ведамстваў. Прадстаўнікі мясцовага дзяржаўнага і прыватнага бізнэсу мелі магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні ад кваліфікаваных спецыялістаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, банкаў, землеўпарадкавальных, пажарных, падатковых, іншых службаў вобласці.

На працягу некалькіх гадзін людзі прыходзілі, каб даведацца, як вырашыць тую ці іншую рабочую сітуацыю, цікавіліся магчымасцямі далейшага развіцця сваёй справы, узнімалі праблемныя пытанні.

Наведвальнікі станоўча ацанілі мерапрыемства, падкрэсліўшы, што даведаліся шмат карыснай інфармацыі. Як правіла, у бізнэсе часта ўзнікаюць пытанні, сярод іх ёсць такія, што адразу не вырашыць. Вядома, па кансультацыю можна звярнуцца па тэлефоне. Але, калі кампетэнтныя тлумачэнні павінны даць адразу некалькі ведамстваў, бывае складана. А тут дастаткова перасесці за суседні столік – і адказ на пытанне пачуеш, і алгарытм дзеянняў падкажуць.

Ірына СТЫРНІК