75 – годдзю Перамогі прысвячаецца. Алея Памяці

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Кожны год 9 мая ўвесь наш народ адзначае адзін з самых значных і урачыстых святаў – Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У гэтым годзе – свята асаблівае, 75 гадоў таму назад з апошнімі баявымі залпамі ў неба ўзвіліся іскры святочнага салюту, абвясціўшы на свеце аб перамозе савецкага народа ў вялікай бітве з фашызмам. Няма ніводнай сям’і, ні аднаго чалавека, якога так ці інакш не кранула б грознае дыханне ваеннага часу. На фронце ваявалі нашы прадзеды, нашы бабулі перажылі гэты страшны час, калі былі яшчэ дзецьмі. Але дзіцячыя ўражанні моцна трымаюцца ў памяці і да сённяшніх дзён. А мы – унукі і праўнукі ваеннага ліхалецця – павінны захаваць гэтую памяць і перадаць яе далей – ужо нашым дзецям і ўнукам. І так без канца, каб не абарвалася гэтая нітка.

Кожны год у сумную хвіліну памяці аб тых, хто загінуў, мы успамінаем тых, хто захаваў і абараніў нас. І чым далей ад нас падзеі той страшнай вайны, тым больш разумееш, што не згладзіць з памяці народнай страты і горкія месяцы паражэнняў, радасць першых поспехаў і гераічны шлях, які прайшлі нашы воіны.

Мы таксама вырашылі ўвекавечыць памяць тых, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, і ў гонар 75-й гадавіны Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе была высаджана алея Памяці. 11 прыгожых дрэў рабіны ўпрыгожылі школьны двор. Кожны вучань пасадзіў дрэўца для ўшанавання памяці ветэранаў нашай мясцовасці. Каля кожнага дрэўца былі пастаўлены таблічкі з прозвішчамі ветэранаў.

Гэта алея – вечная памяць аб тых, каго ўжо больш не ўбачаць родныя, але памяць аб іх захоўвацца будзе заўсёды.

Каб дрэўцы змаглі прыжыцца і расці на новым месцы, усім трэба даглядаць і аберагаць іх, так як нашы суайчыннікі абаранялі Радзіму ў Вялікую Айчынную, як маці засцерагалі сваіх дзяцей.

Цяпер гэтай школьнай алеяй могуць любавацца жыхары нашага мікрараёна, а у будучыні стройныя рабіны, якія сімвалізуюць сямейнае шчасце, моцную сям’ю і верную любоў стануць сапраўднай зонай адпачынку.

Вольга Ерамейчык,
настаўніца пачатковых класаў



Теги: