Успамінаючы мінулае. Незабыўны чэрвень 1941 года

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пераправа праз раку Шчара

У гэты ж самы дзень, 28 чэрвеня 1941 года, войскі 11-га механізаванага корпуса Д. Маставенкі падышлі да пераправы праз раку Шчара, каб затым прадоўжыць адступленне на ўсход. Д. Маставенка пісаў у справаздачы ад 1 жніўня 1941 года: “У ноч з 28 на 29 чэрвеня 1941 года быў аддадзены загад на адыход на рубеж ракі Шчары, выхад праводзіўся па дарогах на спаленых і падбітых баявых і транспартных машынах, пад артылерыйскім абстрэлам і бамбардзіроўкай варожай авіяцыі, у вузкім перашыйку на поўдзень ад вёскі Навасёлкі (паўднёвы бераг Нёмана). На поўдзень да мястэчка Зэльва ніякіх пераправаў не было. Фашысцкія часці занялі Навасёлкі, Каралі, Сіневічы, Чарлёнку, пераправы на рацэ Шчары каля вёсак Шчара і Вялікая Воля. Сорамна сказаць, што мы, нават вышэйшы камсастаў, не ведалі свайго тэатра ваенных дзеянняў. Даліна ракі Шчары балоцістая, даходзіла да 6-8 кіламетраў. На поўнач ад горада Слоніма на ёй былі дзве пераправы, каля вёсак Шчара і Вялікая Воля. Немцы занялі пераправы на рацэ Зяльвянка і па рацэ Шчара, тым самым адрэзаўшы адыход нашых часцей. Праціўнік танкавымі ўдарамі заняў тэрыторыю паўночна-заходняга накірунку. Я вырашыў фарсіраваць раку Шчару. Масты каля вёсак Шчара і Вялікая Воля былі ўзарваны і абараняліся праціўнікам. Спроба фарсіраваць раку каля вёскі Шчара на працягу 29 чэрвеня 1941 года не мела поспеху. Страты былі да 50% байцоў і камандзіраў. Артылерыі не было… Фарсіраванне ракі Шчары каля вёскі Вялікая Воля мела поспех. Складанасць была ў пабудове моста. Шырыня ракі – да 60 метраў, пераправачных штатных сродкаў няма, няма пілаў, сякераў, скобаў і г. д. Байцы і камандзіры ажыццяўлялі работы пад абстрэлам артылерыі і налётамі авіяцыі праціўніка. Работай кіраваў корпусны інжынер – маёр Клыкаў. Да 23 гадзін  29 чэрвеня 1941 года мост быў наведзены. Баявых машын ён не вытрымаў, зламаўся, танк і бронемашына патанулі. Два танкі Т-34 удалося пераправіць уброд, але ў горадзе Навагрудку яны былі знішчаны з-за адсутнасці паліва, таксама часткова спалены варожай авіяцыяй. Па наведзенай пераправе пераправіліся рэшткі часцей 85-й стралковай дывізіі. Да канца дня, 30 чэрвеня 1941 года, выйшлі ў лес на поўдзень ад вёскі Вензавец. Страчана і знішчана пры пераправе праз раку Шчару 40-50 машын тэхнікі”.

Дзятлава 28 чэрвеня ўжо было занята перадавымі атрадамі нямецкіх войскаў. Палкоўнік Іваноў, са штаба 3-й арміі, у пошуках штаба 21-га стралковага корпуса ў ноч на 29 чэрвеня прыбыў у Дзятлава і трапіў у нямецкі палон. Аб гэтай падзеі ёсць некаторыя звесткі ў кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён”.

13-ы механізаваны корпус пад камандаваннем П. Ахлюсціна выходзіў з акружэння на поўнач ад горада Слоніма. З дапамогай мясцовага насельніцтва адбылася пераправа каля вёскі Кабакі. Групу атакавалі варожыя самалёты, але адзін быў збіты. Пераправа завяршылася паспяхова. Далей калона накіравалася праз лес у паўночна-ўсходнім накірунку ад Казлоўшчыны. 29 чэрвеня 1941 года калона пераправілася праз раку Нёман каля вёскі Ярэмічы Карэліцкага раёна.

Часці Чырвонай Арміі спрабавалі ажыццявіць прарыў каля вёскі Каралі і за 40 кіламетраў на ўсходне-паўночным накірунку ад іх, уздоўж дарогі на Дзятлава (каля шашы Ліда-Слонім). Пасля паўдня 28 чэрвеня 1941 года немцы выявілі на шашэйнай дарозе, на захад ад Дзятлава, матарызаваную часць з танкамі, якая каля 19 гадзін 30 хвілін сутыкнулася каля Дзятлава з наступаючым ад вёскі Орля перадавым атрадам нямецкай 35-й пяхотнай дывізіі. Атрад 35-й пяхотнай нямецкай дывізіі размяшчаўся на высотах паўночней Дзятлава з 29 чэрвеня.

Палкоўнік Ханс Баўман у сваёй кнізе “35-я пехотная дывізія ў гады другой сусветнай вайны, 1939-1945 гг.” прыводзіць успаміны аднаго з афіцэраў нямецкай арміі.

“Перадавы атрад 35-й пяхотнай дывізіі (камандзір Зейфард – удакладненне аўтара), які быў часова перападпарадкаваны 5-й дывізіі, быў падвержаны вялікай атацы 29 чэрвеня на вышыні паўночней Дзятлава. Атакі пачаліся на досвітку і прадаўжаліся да 10 гадзін раніцы. Але перадавы атрад утрымаў свае пазіцыі. 14-ы пяхотны полк 5-й пяхотнай дывізіі ў гэты час знаходзіўся на маршы. Марш праходзіў з вялікімі цяжкасцямі па пясчанай мясцовасці на поўдзень ад ракі Нёман. Прыкладна у 18 гадзін 14-ы пяхотны полк змяніў на вышыні каля Дзятлава перадавы атрад 35-й дывізіі. Гэты атрад быў кінуты ў бой каля Наваельні, каб перарэзаць рускім шляхі адступлення, якія вялі да Наваельні з захаду і поўдня. 14-ы полк пад камандаваннем палкоўніка Ессера павінен быў адбіваць на працягу 30 чэрвеня другія варожыя атакі ўздоўж дарогі з заходняга накірунку на Дзятлава. З гэтай вышыні, якая знаходзіцца на паўночным захадзе ад маленькага гарадка Дзятлава, адкрываўся вельмі добры агляд будучага поля бітвы як на захад, так і на поўдзень. Час ад часу на дарозе, па баках якой раслі дрэвы, зноў і зноў з’яўляліся варожыя грузавікі. У асноўным яны былі з пяхотаю, якая сядзела ў кузаве, або з фуражом і ваеннай маёмасцю. Грузавікі падыходзілі бліжэй, і іх знішчалі. Палонных забіралі і накіроўвалі на зборны пункт 14-га палка, які размяшчаўся на вышыні. У ліку палонных быў рускі палкоўнік, які прадставіўся як намеснікам па тыле Арміі”.

 “Адступаў ад горада Масты і атрад пагранічнікаў школы Зіноўева, які выйшаў на занятае ворагам Дзятлава. Было прынята рашэнне атакаваць і з боем прабівацца на ўсход. Боепрыпасаў было вельмі шмат, таму што напярэдадні ў лесе знайшлі дзве грузавыя машыны, даверху набітыя скрынкамі з патронамі і мінамі. Падлічылі сілы, у страі засталіся 128 чалавек. Разбіліся на дзве групы і пачалі рух на пазіцыі. Па сігнале белай ракеты пайшлі ў атаку і амаль што дабеглі да першых хат. Па наступаючым адкрылі агонь кулямёты і мінамёты праціўніка. У адказ адкрылі агонь станкавыя кулямёты пагранічнікаў, але стральба паверх галоў наступаючых не мела поспеху. Пагранічнікі адступілі і заляглі, было многа страт забітымі і параненымі. Заўважыўшы, што на шашы стаіць пакінуты аўтапрычэп, а на ім “максім” без шчытка, але з запраўленай кулямётнай лентай, малодшы сяржант С. Мальцаў кінуўся да яго. Ён пачаў страляць прама з прычэпа, а затым разам з радавым Міхайлавым перанёс кулямёт на невялікую высотку. Пад прыкрыццём байцы выйшлі з-пад абстрэлу. Мальцаў і Міхайлаў засталіся адныя, а праз некаторы час сустрэліся яшчэ з пяццю байцамі на чале з палітруком Бабровым. Вечарам яны дагналі астатніх адступаючых на заходнім беразе ракі Моўчадзь. У жывых пасля няўдалай атакі засталося 76 чалавек, але начальнік школы ўцалеў”, – апавядае аўтар кнігі “Июнь 1941. Разгром Западного фронта” Дзмітрый Ягораў. Магчыма, гэта быў бой паміж вёскай Хадзяўляны і Дзятлавам, пра які расказвала Ганна Клешч.

Пра  пачатак вайны ўзгадваў і Чэслаў Ярмаловіч, якому ў гэтым годзе споўніцца 89 гадоў. На пачатку вайны яны з бацькам, маці, братамі жылі ва ўласным доме і працавалі на гаспадарцы. Ён дакладна памятае той дзень, калі чэрвеньскім надвячоркам на танцпляцоўцы ў Дзятлаве гучала музыка, а ў небе над мястэчкам ляцеці самалёты з крыжамі. Разам з іншымі хлопчыкамі яны налічылі больш за 36 машын. Праз некаторы час, калі Чэслаў прыгнаў з пашы кароў, бацька сказаў, што пачалася вайна. Помніцца і тое, што бацька яго сябра, Абрама Каплана, абклейваў шыбы паперай, а ў Відугірах чулася страляніна. Першых немцаў наш зямляк убачыў у сябе на падворку пасля таго, як прыгнаў кароў. Немец з вінтоўкай у руках не пускаў яго ў двор. Тады з хаты выйшаў бацька і нешта сказаў чужынцу (бацька ваяваў на польскай вайне і разумеў па-нямецку). Немец адышоў ад варот. Разам з сябрамі Чэслаў бегаў на месца бою на хадзяўлянскае поле. Там было вельмі шмат забітых салдат у вайсковай форме. Знайшлі магілу, як казалі, васьмі забітых савецкіх салдат, а на ўзгорку каля вёскі Каменка налічылі 21 магілу нямецкіх салдат: пазналі па драўляных крыжах і надзетых на іх металічных касках.

На тэрыторыі Дзятлаўшчыны быў устаноўлены “новы нямецкі парадак”, які доўжыўся з 29 чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года. Згодна з актам раённай камісіі ад 1 красавіка 1945 года, усяго ў раёне былі знішчаны 4716 чалавек, 1256 чалавек вывезены ў нямецкае рабства.

Да гэтага часу ў архівах у спісах беззваротных стратаў ля прозвішча кожнага трэцяга байца ў графе “прычына выбыцця” пазначана: “прапаў без звестак”, асабліва гэта тычыцца тых, хто прапаў у першыя месяцы вайны.

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна, калі хто-небудзь з вас валодае інфармацыяй, дзе ў зямлі знаходзяцца невядомыя пахаванні савецкіх салдат, партызанаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ці звесткамі аб месцы знаходжання пахавання чырвонаармейцаў каля дарогі Дзятлава – Хадзяўляны, загінулых у чэрвені 1941 года, просім пісьмова паведаміць пра гэта ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна па адрасе: 231471, г. Дзятлава, вул. Перамогі, 13, або тэлефанаваць на нумар 8-01563-2-15-03 (з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін) вядучаму спецыялісту Вялянціну Абухаву. Ваша інфармацыя дапаможа ўстанавіць імёны загінулых абаронцаў Айчыны і пахаваць іх з захаваннем воінскіх рытуалаў і хрысціянскіх традыцый.

Падрыхтаваў Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, краязнаўца

 

 

 



Теги: