Пра тых, хто спакой дзятлаўчан беражэ

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

4 сакавіка ахоўнікі правапарадку адзначаць сваё прафесійнае свята. Мы сустрэліся з начальнікам аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандрам Білем і даведаліся, як праходзяць працоўныя будні раённай міліцыі.

– Аляксандр Францавіч, якім для аддзела быў 2018 год?

– Для мяне як кіраўніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама ён быў ацэначным, бо тут я адпрацаваў тры гады, унёс пэўныя карэктывы ў справы, і павінна было стаць зразумела, ці дае гэта вынікі. Нягледзячы на павелічэнне ў мінулым годзе колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, наш аддзел спрацаваў стабільна па ўсіх накірунках дзейнасці. На рост злачыннасці ўплывае шмат фактаў, у тым ліку эканамічная сітуацыя. Калі ж разглядаць статыстыку зарэгістраваных злачынстваў за апошнія 5-10 гадоў, можна ўпэўнена казаць, што ідзе зніжэнне. Разам з тым, год вызначыў накірункі, у якіх неабходна працаваць далей. Так, раённая міліцыя працяглы час змагаецца з бытавой злачыннасцю і п’янствам. Па статыстыцы, якую я вывучаў, калі прыйшоў працаваць у Дзятлава, тут рэгістравалася 3-6 забойстваў у год. Цяпер на працягу двух гадоў іх не здаралася.

Летась на Дзятлаўшчыне абазначылася праблема палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Выявілі некалькі ачагоў, што стала нагодай для прыняцця сур’ёзных рашэнняў з удзелам вялікай колькасці зацікаўленых службаў раёна.

Як і раней, рэгіструецца рост крадзяжоў з дачаў і нежылых дамоў, куды гаспадары наведваюца раз ці некалькі разоў на год, чым карыстаюцца зламыснікі.

– Ці ўплывае на статыстыку злачыннасці злоўжыванне спіртнымі напоямі?

– Алкаголь спрыяе супрацьпраўным паводзінам людзей. Напрыклад, летась вылучыўся такі від злачынстваў, як рабаўніцтвы. Варта зазначыць, што кошт адкрыта скрадзенай маёмасці, як правіла, не перавышаў 5-10 рублёў, кралі алкаголь або дробныя сумы грошай, часам, 2-3 рублі. Цвярозы чалавек наўрад ці такое зрабіў бы. Два рабаўніцтвы ўчынілі жанчыны.

– Важны накірунак у рабоце міліцыі – прафілактыка. Наколькі вам дапамагаюць саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку?

– Калі іх работа толькі арганізоўвалася, былі некаторыя сумненні. Цяпер штомесяц стараюся пабыць на некалькіх пасяджэннях саветаў ГПАП і магу ўпэўнена сказаць, што яны сталі важнейшай сілай прафілактыкі. У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, арганізацый, гаспадарак. У час пасяджэнняў вырашаецца шырокі спектр пытанняў: паводзіны ў школе, аплата камунальных паслугаў, бяспека жыццядзейнасці, праблемы газу, электрычнасці, ацяплення, паводзінаў людзей, учынення правапарушэнняў, бытавога п’янства. Гэта рэальная дапамога па вырашэнні жыццёвых пытанняў.

– Аляксандр Францавіч, раскажыце пра калектыў аддзела.

– Міліцыя – гэта людзі ў пагонах, аднак не ўсё можна вырашыць з дапамогай загаду. Мне здаецца, за тры гады работы ў Дзятлаве я дасягнуў таго ўзроўню даверу, калі дастаткова папрасіць, і ўвесь асабовы састаў у вольны ад службы час, у сціслы тэрмін будзе на рабоце і будзе гатовы выконваць любыя задачы.

Другі год паспяхова працуе ў Дзятлаве першы намеснік начальніка райаддзела Уладзімір Святоха. Пэўнага ўзроўню прафесійнага майстэрства дасягнуў калектыў крымінальнай міліцыі. Гэта тычыцца і аддзялення крымінальнага вышуку, дзе можна адзначыць начальніка Аляксея Кашко, супрацоўнікаў Аляксандра Жукеля, Дзмітрыя Плаўскага. Вынікова працуе оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Валерый Бароўскі. Была праблема з камплектаваннем пасады супрацоўніка па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, летась там пачаў працаваць Руслан Лаўрэнцьеў. Стабільна працуюць практычна ўсе падраздзяленні міліцыі грамадскай бяспекі. У аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі прыйшоў новы супрацоўнік Руслан Жукоўскі, які будзе выконваць абавязкі кіраўніка. У службе ўчастковых інспектараў міліцыі варта адзначыць Андрэя Юшкевіча, Віктара Лазуту, Аляксандра Скварчынскага. Яны і многія іншыя – “гаспадары” на сваім месцы. Паспяхова працуе інспекцыя па справах непаўналетніх пад кіраўніцтвам Віктара Петрукевіча. Задаволены работай крымінальна-выканаўчай інспекцыі, кіраўнік – Вольга Індура. Нягледзячы на рост рэцэдыўнай злачыннасці, зроблена вялікая прафілактычная работа, якая абавязкова дасць станоўчы вынік.

– Што ў бліжэйшых планах дзятлаўскай міліцыі?

– Будзем працаваць не на паказчык. Адназначна, больш увагі скіруем на грамадзян, якія дапускаюць гвалт у сем’ях, прывыклі вырашаць праблемы сілавымі метадамі. Інструментаў для гэтага хапае, ёсць і новыя, прапісаныя Законам аб прафілактыцы, якія недастаткова выкарыстоўваюцца. Напрыклад, ахоўнае прадпісанне – мера абароны, якую мы будзем усё больш выкарыстоўваць.

– Вашы віншаванні да Дня міліцыі.

– Хочацца звярнуцца да ветэранаў. Беларускай міліцыі яшчэ няшмат гадоў, але яе гісторыю кавалі гэтыя людзі. Жадаю ім здароўя, сямейнага дабрабыту, годных дзяцей і ўнукаў, якія па-добраму будуць займаць вольны час, прымусяць радавацца і ўсміхацца. Супрацоўнікам – службовых поспехаў, удачы, добрага кіраўніцтва, моцнага сямейнага тылу, каб заўжды хацелася ісці на работу і вяртацца дахаты.

Гутарыла Ірына СТЫРНІК