Пост – лячэнне душы

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

З дапамогай посту чалавек ачышчае свае цела і душу, а Вялікім постам вернік рыхтуецца да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня. Вялікдзень — уваскрэсенне Хрыста.

Падзея, якая даравала разуменне неўміручасці чалавечай душы. Хрыстос паказвае нам, што смерць — гэта не канец, а пачатак новага жыцця — вечнага. Хрысціянін баіцца не смерці, а паўстаць перад Богам, не пакаяўшыся ў сваіх грахах. “У чым заспею, у тым і суджу”, — гаворыць Гасподзь.

Сам Ісус Хрыстос для прыкладу нам сорак дзён пасціўся ў пустыні, адкуль вярнуўся ў сіле духа, адолеўшы ўсе спакусы ворага.

Большасць людзей ужо не сумняваецца ў жыватворным уплыве посту на душу і цела чалавека. Пост усталяваны для ўсіх: і манахаў, і свецкіх. Ён не з’яўляецца павіннасцю або пакараннем. Яго варта разумець як выратавальны сродак, свайго роду лячэнне і лекі для кожнай чалавечай душы.

Важна пачуць у посце заклік, які патрабуе нашага адказу і намагання. Дзеля свайго дзіцяці, блізкіх нам людзей мы змаглі б галадаць, калі б стаяў выбар, каму аддаць апошні кавалак. І дзеля гэтай любові гатовыя на любыя ахвяры. Пост — такі ж доказ нашай веры і любові да Бога, запаведанай Ім Самім.

У чым жа заключаецца гэтая малая ахвяра Выратавальніку нашаму — пост? Сутнасць посту не ў тым, каб адмовіцца ад некаторых відаў ежы ці забаў, а ў тым, каб адмовіцца ад таго, што цалкам паглынае нас і аддаляе ад Бога. Пост — гэта час служэння Богу малітвай і пакаяннем.

Пост патанчае душу для пакаяння. Калі ўціхамірваюцца страсці — прасвятляецца духоўны розум. Чалавек пачынае лепш бачыць свае недахопы, у яго з’яўляецца жаданне ачысціць сваё сумленне і пакаяцца перад Богам. Па словах свяціцеля Васіля Вялікага, пост робіцца як бы крыламі, якія ўзносяць малітву да Бога.

Такім чынам, посцячыся цялесна, посцім і духоўна. Злучым пост знешні з постам унутраным, кіруючыся ціхмянай мудрасцю. Чысцячы цела ўстрыманнем, ачысцім і душу пакаяннай малітвай для здабыцця дабрадзейнасці і любові да блізкіх. Вось гэта і будзе сапраўдны пост, прыемны Богу, а значыць, і для нас выратавальны.

Святар СЕРГІЙ,
настаяцель Прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц