Мы – за здаровы лад жыцця! А ты!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пад такім лозунгам напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй адбылася сустрэча спецыялістаў-медыкаў з навучэнцамі школ Дзятлаўшчыны.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі  работнікі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Гасцямі сустрэчы сталі доктар-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык і валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ  Наталля Юрэня.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ва ўдзельнікаў сустрэчы была магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі інфармацыйнай выставы “Бяда завецца наркаманіяй”, якую падрыхтавалі метадысты раённай бібліятэкі.

У час мерапрыемства дэманстраваліся відэаролікі па прафілактыцы наркаманіі і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Жывая дыскусія паміж спецыялістамі, супрацоўнікамі бібліятэкі і навучэнцамі сярэдняй школы №3 склалася задоўга да пачатку мерапрыемства, у такім жа дынамічным дыялогу будавалася яна і на парцягу ўсёй сустрэчы: з цікаўнасцю навучэнцы слухалі выступленні спецыялістаў, актыўна задавалі хвалюючыя пытанні, уключаліся ў розныя формы работ.

Так, удзельнікам прапанавалася разгледзець шэраг разнастайных сітуацый  і знайсці варыянты іх рашэння, творча абыграць пастаноўку незвычайных здарэнняў.

З не меншай зацікаўленасцю дзеці адказвалі на заданні віктарыны пад назвай “Што ты ведаеш пра наркаманію”, актыўна прымалі ўдзел у рухомых і інтэлектуальных гульнях.

У ходзе мерапрыемства медыкі расказалі школьнікам пра наркотыкі, іх негатыўны ўплыў на здароўе, меры па недапушчэнні іх ўжывання.  Вучні даведаліся, да чаго можа прывесці няправільны лад жыцця. Быў закрануты і прававы бок праблемы.

Доктар-нарколаг папярэдзіў навучэнцаў аб шкодным уздзеянні на малады арганізм розных курыльных сумесяў, перасцярог ад легкадумнага стаўлення да так званых “лёгкіх наркотыкаў”, асабліва падкрэсліў, што курэнне і алкаголь таксама выклікаюць наркатычную залежнасць.

Класны кіраўнік 7”Б” класа Алена Шпакоўская, настаўніца біялогіі, дапамагала дзецям дасканала разабрацца ў значэнні медыцынскіх тэрмінаў,  небяспецы наркаманіі,  пагрозах і шкодзе для арганізму людзей.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ