Клопат аб людзях і аб зямлі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Паспяховае правядзенне вясенне-палявых работ – гэта сур’ёзны экзамен не толькі для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, але і для ўсіх адказных за ахову працы на сельскагаспадарчай вытворчасці.

Належная  ўвага забеспячэнню бяспекі працы на працоўных месцах і захаванню тэхналогіі вытворчасці надаецца ў ААТ “Граніт-Агра”. За веданнем і выкананнем спецыялістамі і работнікамі гаспадаркі патрабаванняў інструкцый па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыплінай сочыць інжынер па ахове працы Святлана Ляшэвіч:

– У нашай гаспадарцы распрацаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па забеспячэнні аховы працы на перыяд падрыхтоўкі і правядзення вясенне-палявых работ.

Абавязкова праводзяцца планавыя і пазапланавыя інструктажы па ўсіх відах выконваемых работ. Усе работнікі ў гаспадарцы  забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны,  спецадззеннем, арганізавана гарачае харчаванне ў полі, створаны належныя ўмовы для бытавога абслугоўвання.

У ААТ “Граніт-Агра” пасяўная пачалася яшчэ на мінулым тыдні. Цяпер тут імкнуцца скончыць абавязковы комплекс палявых работ па падрыхтоўцы глебы да сяўбы, вядуцца работы па вывазе і ўнясенні арганічных угнаенняў. Усяго плануецца ўнесці ў глебу 42,3 тысячы тон арганічных угнаенняў. Таксама ўнесены ўгнаенні пад азімыя яравыя і азімы рапс.

Першым у гаспадарцы на плошчы 50 гектараў пасеялі авёс, затым прыступілі да сяўбы ячменю. На сёння гэтай зерневай культурай засеяна ўжо 120 гектараў, наступныя на чарзе – раннія зернебабовыя, лён, яравы рапс, кукуруза, цукровыя буракі. Як паведамілі ў сельгасарганізацыі, на плошчы 1004 гектары плануецца пасеяць авёс, 55 гектараў зойме лён, яшчэ 50 гектараў – яравы рапс, на плошчы 1100 гектараў плануецца пасеяць кукурузу, плошчу ў 200 гектараў зоймуць цукровыя буракі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ