Каб помніць сваё мінулае

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На целе шматпакутнай Беларусі фашысцкія захопнікі пакінулі жудасныя адмеціны: Брэская крэпасць, Хатынь, Трасцянец, Азарычы…

Цяжка знайсці словы, якімі можна было б перадаць жах апошняй вайны.

Каб беларусы не забывалі свайго мінулага, у нашай краіне захоўваюцца помнікі і мемарыяльныя комплексы, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы, ствараюцца новыя гістарычныя аб’екты. Адзін з іх – гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” – наведалі навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы.

Дзеці пабывалі ў артылерыйскім паўкапаніры № 134, які быў пабудаваны ў 1932 годзе і ўваходзіў у склад Мінскага ўмацаванага раёна. Вельмі ўразіў аповед пра легендарны танк Т-34 ўзору 1943 года.

Прайшоўшы праз траншэю, школьнікі апынуліся каля дота № 129 і зенітнага комплексу КС-19 узору 1947 года. Экскурсавод расказаў пра магчымасці “зеніткі” і нават дазволіў узабрацца на яе. Шмат цікавага даведаліся вучні пра зброю Вялікай Айчыннай вайны. А больш за ўсё наведвальнікі гістарычнага комплексу былі ўражаны рэканструкцыяй бою часоў Першай сусветнай вайны. Разрывы снарадаў, кулямётныя чэргі, крыкі “Ура!”, стогны параненых далі магчымасць перажыць на працягу 20 хвілін жах вайны.

Лідзія ЖЫХ,
настаўніца Дварэцкай сярэдняй школы