І захаваць той час, і ў сэрцах зберагчы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Школьны музей гімназіі №1 горада Дзятлава добра вядомы жыхарам Дзятлаўшчыны, краязнаўцам і гісторыкам.

Тут няма неабходнасці тлумачыць навучэнцам, што за рэчы захоўваюцца на музейных паліцах  і да якой эпохі яны адносяцца. Гімназісты самі прымаюць актыўны ўдзел у даследча-пошукавай рабоце. Яны  і археолагі, і даследчыкі, і экскурсаводы.  Большая частка экспанатаў школьнага музея сабрана з іх удзелам пад непасрэдным кіраўніцтвам захопленых  даследчай працай настаўнікаў.

Так, сёлета юнымі аматарамі даследаванняў і кіраўніком музея Аленай Радомскай створана музейная экспазіцыя “Музей у чамадане”, распрацаваны экскурс па выставе. Гэтая экспазіцыя – вынік пошукавай працы экспедыцыйнага атрада навучэнцаў старэйшых класаў да  75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Таксама ў музеі створана міні-інсталяцыя  “Халакост – рана на сэрцы зямлі маёй”, якая з’яўляецца часткай музейнай экспазіцыі “Гісторыя яўрэйскага народа і Халакост на Дзятлаўшчыне”. Тут захоўваюцца звесткі аб бязвінных ахвярах вайны, месцах прымусовага ўтрымання людзей, аб падзеях перыяду акупацыі на Дзятлаўшчыне. Стваральнікі  экспазіцыі імкнуцца захаваць даты, рэчы, фотаздымкі, успаміны відавочцаў  гісторыі палону, супраціўлення і знішчэння Дзятлаўскай яўрэйскай абшчыны.

Абедзве выставы заклікаюць чарговы раз узгадаць пра лёсы людзей, якія перажылі жудасныя выпрабаванні вайной.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота прадастаўлена адміністрацыяй гімназіі



Теги: