Ці можна памяняць імя?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

З нагоды святкавання 25-годдзя з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення інстытута прэзідэнцтва

работнікі аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама сумесна са спецыялістамі аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна, адвакатамі і натарыусамі натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна 14 сакавіка правялі акцыі па бясплатным кансультаванні грамадзян па пытаннях прымусовага выканання судовых пастановаў і іншых выканаўчых дакументаў, грамадзянскага, жыллёвага, працоўнага, сямейнага, зямельнага права і іншых пытаннях, якія адносяцца да сферы юстыцыі.

Пытанне: маёй дачцэ ўжо 7 месяцаў. У ЗАГСе дакументы афармляла бабуля і пры рэгістрацыі нараджэння прысвоіла імя Дарына. Гэтым імем мы яе не называем. Ці можна змяніць імя дзіцяці?

Адказвае начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч: уласнае імя дзіцяці можа быць зменена па заяве бацькоў на працягу года пасля рэгістрацыі нараджэння дзіцяці, калі пры рэгістрацыі яму было дадзена ўласнае імя без уліку пажаданняў бацькоў, або на працягу 6 гадоў пасля рэгістрацыі нараджэння, а ў выключных выпадках – са згоды дзіцяці і органа апекі і папячыцельства да дасягнення 16 гадоў, калі дзіця фактычна носіць не тое ўласнае імя, якое яму было дадзена пры рэгістрацыі. Па пытанні змянення імя неабходна звяртацца ў аддзел ЗАГС па месцы жыхарства.

Пытанне: мой дзядуля нарадзіўся ў 1920 годзе, і я дакладна ведаю, што яго хрысцілі ў Дзятлаўскім касцёле. Падкажыце, калі ласка, дзе я магу знайсці звесткі пра яго нараджэнне?

Адказвае начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч: метрычныя кнігі культавых установаў (цэрквы, касцёлы), якія захаваліся, знаходзяцца на захоўванні ў ДУ “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродне” па адрасе: г. Гродна, вул. Гаспадарчая, 21.

Пытанне: ці можна падарыць кватэру сыну, але так, каб пры маім жыцці ён аб гэтым не даведаўся?

Адказвае натарыус натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна Жанна Сёмуха: дагавор дарэння – гэта двухбаковая здзелка, дзе дарыцель дорыць (бязвыплатна перадае ва ўласнасць) маёмасць, а той, каму дораць, прымае яго ў дар. Акрамя таго, пры перадачы ў дар кватэры або іншай нерухомай маёмасці дагавор дарэння належыць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. З моманту такой рэгістрацыі права ўласнасці на нерухомую маёмасць ад дарыцеля пераходзіць да таго, каму дораць. Такім чынам, падарыць кватэру сыну, каб ён аб гэтым пры вашым жыцці не даведаўся, немагчыма.

Святлана ГРЫШЫНА