Адпачынак з карысцю і радасцю

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Канікулы – гэта пара адпачынку для дзяцей, разрадка назапашанай напружанасці і вучэбнай руціны.

Адпачынак у лагеры дае магчымасць дзецям папоўніць выкарыстаныя сілы, умацаваць фізічнае і псіхалагічнае здароўе, развіць творчы патэнцыял. На базе Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы падчас вясенніх канікул пачаў работу аздараўленчы лагер “Вясновы калейдаскоп”.

На працягу шасці дзён пятнаццаць навучэнцаў установы з’яўляюцца ўдзельнікамі падарожжа-гульні. Атрад “Самацветы” адпраўляецца ў вандроўку па мясцінах сваёй малой радзімы. Іх дэвіз “Самацветы збірай! Вывучай свой родны край!” Дзеці паступова адкрываюць для сябе сваю малую радзіму, напоўненую загадкамі і цудамі, знаёмяцца са знакамітымі землякамі. Кожны дзень вучні актыўна ўдзельнічаюць у калектыўных-творчых справах, спартыўных гульнях і атрымліваюць ілюстрацыю (пазл-самацвет) з выявамі родных мясцін. У час канікул яны змогуць трапіць на экскурсіі ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і на Курган Славы, пабываць на цыркавым прадстаўленні ў горадзе Мінску. Кожнадзённыя прагулкі на свежым паветры дапамагаюць умацаваць здароўе і загартаваць арганізм.

Калектыў творчых педагогаў суправаджае выхаванцаў падчас падарожжа, каб змена “Вясновы калейдаскоп” была цікавай, карыснай, незвычайнай і яркай. Менавіта падарожжа-гульня спрыяе выхаванню, умацаванню фізічнага і духоўнага здароўя дзяцей, бо ў падарожжы можна паказаць свае найлепшыя якасці і павучыцца ў сваіх сяброў.

Таццяна ЖЫНКО,
старэйшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Вясновы калейдаскоп”



Теги: