Супрацьдзеянне карупцыі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У лістападзе-снежні 2018 года па даручэнні кіраўніка Дзяржавы з удзелам вышэйшых службовых асобаў былі праведзены пасяджэнні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў па пытаннях супрацьдзеяння карупцыі.

Адзначалася, што галоўнай перашкодай эфектыўнай рэалізацыі дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі з’яўляецца неналежная арганізацыя прафілактычнай работы ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Кіраўнікамі розных узроўняў, іншымі службовымі асобамі не прымаюцца меры па пільным выяўленні і ліквідацыі прычынаў і ўмоваў, якія спрыяюць карупцыі, што прыводзіць да яе распаўсюджвання і больш цяжкіх наступстваў.

У сувязі з гэтым у Рэспубліцы Беларусь актывізавалася работа па барацьбе з карупцыяй, у Дзятлаўскім раёне таксама павялічылася колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў.

У 2018 годзе былі ўзбуджаны 9 карупцыйных спраў: злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі – 3, атрыманне хабару – 6. Гэтыя злачынствы былі выяўлены ў сферы сельскай гаспадаркі.

Значнай з’яўляецца і колькасць парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства некрымінальнага характару, за ўчыненне якіх службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай, дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.

Нярэдка карупцыйныя праявы ўзнікаюць у сферы закупак. Пагаршае сітуацыю адсутнасць адзінай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне закупачнай дзейнасці.

У 2018 годзе пракуратурай раёна праведзены 6 агульнанаглядных праверак арганізацыі работы па барацьбе з карупцыяй і дзяржаўных закупак тавараў, работаў, паслугаў. Па іх выніках унесены 2 прадстаўленні, аб’яўлены 5 афіцыйных папярэджанняў, да дысцыплінарнай адказнасці па патрабаванні пракурора прыцягнуты 9 асобаў.

У 2019 годзе пракуратура раёна прапаноўвае арганізаваць правядзенне сістэмнага аналізу прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічаюць учыненню карупцыйных правапарушэнняў, з прыняццем канкрэтных рашэнняў па іх мінімізацыі і ліквідацыі.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна