Стараста вёсак Лудзічы і Кашкалы

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнай вёсачкі ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі, ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.

На карце Дзятлаўскага раёна знаходзіцца цудоўная вёсачка Лудзічы, з усіх бакоў абсаджаная лесам, а непадалёку працякае меленькая рачулка, якая ўпрыгожвае гэтае мястэчка. Вось тут і нарадзілася ў 1962 годзе Вера Пятроўская, якая цяпер з’яўляецца старастай вёсак Лудзічы і Кашкалы.

– Дзяцінства маё было вельмі цяжкім, – успамінае Вера Уладзіміраўна. – У нашай сям’і было пяцёра дзяцей. Маленькай я ўжо пасвіла кароў, дапамагала бацькам па гаспадарцы, бо бацька вельмі хварэў (балела параненая ў вайну нага). Хадзілі ў лес па грыбы і ягады, што было вялікай падтрымкай для сям’і. Як усе дзеці нашага мястэчка, любіла пагуляць, у нас былі свае гульні, цяпер такіх, пэўна, ужо ніхто і не ведае.

У 1981 годзе дзяўчына Вера скончыла Вензавецкую сярэднюю школу. Неабходна было выбіраць сваю дарогу ў жыцці. Яе працоўная біяграфія пачалася на шкляным заводзе ў Бярозаўцы, дзе некалькі месяцаў працавала насільшчыкам. Аднак хутка прыйшлося вярнуцца дадому, бо захварэў бацька і неабходна было дапамагаць маме. А калі яму стала лягчэй, пайшла працаваць у Вензавецкі сельскі савет рахункаводам-касірам. А з 2006 года і па сёння Вера Пятроўская працуе паштальёнам у вёсцы Міроўшчына.

– Нялёгкая гэта праца, але патрэбная, – гаворыць жанчына. – Паштальён не толькі разносіць газеты і часопісы, але і дасць нейкія парады, абмяркуе з людзьмі надзённыя пытанні. Я ніколі не адмаўляла людзям, і яны мяне паважалі.

Заўважыў руплівую працаўніцу і добразычлівага чалавека старшыня сельскага савета, і разам з аднавяскоўцамі з вёсак Лудзічы і Кашкалы прапанавалі Веры Уладзіміраўне стаць старастай гэтых мястэчак. Яна гаворыць, што разумела, наколькі гэта важная і адказная праца, але ўцягнулася ў яе. З цягам часу некаторыя клопаты і праблемы вёсак ляглі і на яе плечы.

Да гэтай дбайнай гаспадыні ідуць землякі з рознымі пытаннямі, ды і проста сустракаюцца з ёй, каб перакінуцца словам, пажартаваць. Па словах старасты, сумесна з сельскім саветам і аднавяскоўцамі яны высыпалі дарогу да могілак, рэгулярна наводзяць парадак на саміх могілках, упрыгожваюць крыжы ў сваіх вёсках. Для мясцовых жыхароў гэта вельмі неабходна і важна.

У вольны ад працы час стараста наведвае пажылых людзей, дапамагае ім: каму вады, дроў прынясе, каму хуткую дапамогу выкліча. Таксама дапамагае ў арганізацыі розных канцэртаў, з якімі прыязджаюць да вяскоўцаў раённыя артысты. Дапамагае ладзіць паездкі па святых мясцінах.

– За ўсё людзі былі мне вельмі ўдзячныя, бо я старалася адразу адгукацца на іх просьбы. Вось і павялося ў нас, што стараста – самая хуткая дапамога ў вёсцы.

За добрасумленнае выкананне абавязкаў старасты Вера Пятроўская двойчы была ўзнагароджана Падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі ад Дзятлаўскага райвыканкама.

Хутка вясна, а з прыходам цёплых дзён спраў у старасты значна павялічыцца. Трэба сачыць не толькі за добраўпарадкаваннем у вёсцы, але і на ўласным агародзе паспець усё дагледзець, і па гаспадарцы ўправіцца. А ўлетку кліча лес.
— Люблю лес. Там адпачываеш, як кажуць, душой і целам. Мне падабаецца збіраць любыя яго дары. У нас іх расце шмат. Там такое хараство! І задавальненне, і карысць адначасова, — прызнаецца жанчына.

Напрыканцы Вера Пятроўская дадае, што ўвогуле жыццём сваім задаволена, вельмі радуюць яе дзеці, ёсць ужо двое ўнукаў. Яна ўпэўнена, што побач з ёй заўжды будуць добрыя, сумленныя людзі, на якіх можна разлічваць у цяжкую хвіліну, і сама яна ніколі не адмовіць у дапамозе.

Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: