Спорт без парушэнняў

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Фінансавай міліцыяй г. Слоніма выяўлены парушэнні бюджэтнага заканадаўства, дапушчаныя Слонімскім раённым фізкультурна-спартыўным клубам па працы з насельніцтвам па месцы жыхарства.

Кіраўнік гэтай установы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (382 руб. 50 кап.).

Сутнасць парушэнняў складалася ў наступным. У 2017 годзе ў г. Слоніме праводзілася адразу некалькі спартыўных спаборніцтваў, сярод якіх былі раённыя спаборніцтвы па пляжным валейболе, а ўжо пасля іх – суперфінал Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе. Пры гэтым першыя фінансаваліся за кошт мясцовага бюджэту, а вось другія маглі фінансавацца толькі з бюджэту рэспублікі.

Кіраўніцтва ўстановы аформіла дагавор, які не адпавядаў рэчаіснасці, з мінскім камерцыйным прадпрыемствам, згодна з якім апошняе паставіла для правядзення спаборніцтваў трыбуны для гледачоў, атрымала за гэта 7000 рублёў з мясцовага бюджэту, аднак у самім дагаворы і спадарожных дакументах на расходаванне бюджэтных сродкаў былі ўказаны не рэспубліканскія спаборніцтвы па футболе, а раённыя спаборніцтвы па валейболе, якія прайшлі раней, на якіх названыя трыбуны не выкарыстоўваліся.

Такім чынам установа незаконна выкарыстала 7000 рублёў, якія па выніках праверкі будуць вернуты ў бюджэт у поўным аб’ёме.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці