Сёння – навучэнец, заўтра – афіцэр

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Круцілавіцкай сярэдняй школе адбылася сустрэча прадстаўнікоў ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна з навучэнцамі сярэдніх і старэйшых класаў.

Перад моладдзю выступілі начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Аляксандр Бургун і начальнік групы прызыву на ваенную службу Павел Бараноўскі.

Навучэнцы даведаліся, што ў нашай краіне ваенныя спецыяльнасці  можна атрымаць у многіх вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах. Вядучай ВНУ па-ранейшаму з’яўляецца Ваенная акадэмія, дзе падрыхтоўка ажыццяўляецца на працягу  4-5 гадоў, у залежнасці ад спецыяльнасці, асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца адзінаццаць факультэтаў, сем з якіх прымаюць абітурыентаў адразу пасля заканчэння школы. Аляксандр Бургун расказаў будучым абітурыентам аб тым, якіх спецыялістаў рыхтуюць на кожным з факультэтаў, у якіх галінах грамадзянскай сферы можна ўжыць атрыманыя ў акадэміі веды, магчымасцях і перспектывах навучання.

Знаёмства з галоўнай ваеннай ВНУ краіны суправаджалася дэманстрацыяй відэаролікаў.

Таксама прадстаўнікі ваеннага камісарыята расказалі навучэнцам  аб структуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прэстыжнасці ваеннай службы, падрабязна спыніліся на пытаннях аб правілах прыёму ў ВНУ, парадаку праходжання прафесійнага адбору, расказалі пра спецыфіку нясення ваеннай службы і перспектывы службовага росту, адказалі на хвалюючыя пытанні навучэнцаў.

Яны адзначылі, што больш падрабязную інфармацыю па пытаннях атрымання ваеннай адукацыі можна даведацца ў ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна або на афіцыйным сайце Міністэрства абароны РБ.

Па просьбе выпускнікоў інфармацыю аб ваенна-навучальных установах, парадку і ўмовах паступлення ў іх адміністрацыя Круцілавіцкай сярэдняй школы размясціла на інфармацыйных стэндах.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ