Работнікі культуры падвялі вынікі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У актавай зале Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў 28 лютага адбылося пасяджэнне работнікаў культуры, у ходзе якога абмяркоўваліся вынікі работы за 2018 год.

Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, установамі культуры раёна рэгулярна праводзіцца работа па развіцці культурнага абслугоўвання насельніцтва. З падрабязным дакладам выступіў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Шыцько.

Ён праінфармаваў прысутных аб тым, што сацыяльны стандарт па бюджэтным забеспячэнні выдаткаў на культуру ў разліку на аднаго жыхара выкананы на 190%, павялічылася сярэдняя заработная заработная плата работнікаў культуры ў параўнанні з папярэднім годам.
На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна у 2018 годзе праведзены шэраг буйных мерапрыемстваў, найбольш значныя з іх — суправаджэнне выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 28-га склікання, 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, 75-годдзе Хатынскай трагедыі, фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст», 520-годдзе горада Дзятлава і іншыя.

Варта падкрэсліць, што ўстановамі культуры Дзятлаўскага раёна выкананы планавыя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016-2020 гады.

Таксама са справаздачамі выступілі прадстаўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці, раённай бібліятэкі, дзіцячай школы мастацтваў, гісторыка-краязнаўчага музея.

Клубнымі ўстановамі на працягу года праведзены тэатралізаваныя святы і абрады «Каляды», «Валачобнікі», «Гуканне вясны», «Купалле». З мэтай адраджэння і захавання народных традыцый рэалізаваны новы этна-праект «Народнаму скарбу — век векаваць». Рэалізацыя гэтага праекта спрыяла стварэнню ўмоваў для самарэалізацыі людзей сталага ўзросту, уключэнню іх у культурную дзейнасць раёна, захаванню пераемнасці пакаленняў.

З мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчай працы арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва ў аграгарадках Дзятлаўшчыны паспяхова рэалізоўваюць праект «Дбайных людзей славім — весела час бавім». Гэты праект дазваляе забяспечыць занятасць моладзі ў сельскай мясцовасці, спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця, традыцый беларускай вёскі, павышэнню цікавасці да фальклору.

Для людзей сталага ўзросту на працягу мінулага года функцыянавала 23 клубных фарміраванні. У гэтым напрамку станоўчым з’яўляецца вопыт работы народнага хору ветэранаў працы «Ветэраны ў страі», клуба ветэранаў «У коле сяброў», ансамбля народнай песні «Суседачки».

З мэтай абмену творчым вопытам, дэманстрацыі лепшых творчых калектываў раёна працягвалася практыка «абменных» канцэртаў. У мінулым годзе такіх канцэртаў было 30.

Абслугоўванне насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў мінулым годзе ажыццяўлялі 13 бібліятэк, усе планавыя паказчыкі імі выкананы.

У 2018 годзе па выніках XXVI рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую дзейнасць» другая прэмія прысуджана Жукоўшчынскай бібліятэцы.

У IV рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак духоўнай асветы і выхавання» Дварэцкая сельская бібліятэка заняла другое месца сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у намінацыі «Сям’я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей».

Раённыя бібліятэкі працягвалі работу ў рамках бібліятэчных праграм і праектаў «Ні дня без думкі аб родным краі», «Фотаімгненні з гісторыі Дзятлаўшчыны», «Сям’я і кніга».

Музычнай адукацыяй у нашым раёне ахоплена вялікая колькасць дзяцей. Па выніках удзелу ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах навучэнцы музычных школ атрымалі 24 прызавых месцы, таксама сярод музычных лідараў ёсць стыпендыят фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Па падтрымцы таленавітай моладзі».

Добрыя паказчыкі даў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Летась дзейнасць музея была накіравана на ўдасканаленне экспазіцыйна-выставачнай, фондавай і навукова-асветніцкай дзейнасці. Павялічылася колькасць наведвальнікаў у параўнанні з 2017 годам. Работнікі музея распрацавалі і правялі новыя квэсты і інтэрактыўныя гульні, напрыклад, «У пошуках забытай кнігі», «Партызанскімі сцежкамі», «Таямніцы музейных прадметаў». Таксама павялічыўся музейны фонд.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч акрэсліў некаторыя моманты, на якія сёлета трэба звярнуць асаблівую ўвагу і выправіць недахопы, якія засталіся ў сферы культуры. Увогуле работу сацыяльнай сферы ён ацаніў станоўча і падзякаваў усім за адказнасць.

За свае заслугі лепшыя работнікі сацсферы атрымалі граматы.