Прафсаюз: пра работу і здароўе

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы сабраліся члены раённага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму з нагоды важнай і неабходнай для установаў, у якіх яны працуюць, падзеі.

Было падпісана Пагадненне  паміж аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама і Дзятлаўскай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму на 2019-2021 гады.

– Асноўная мэта Пагаднення – гэта рэгуляванне адносінаў у сацыфяльна-працоўнай сферы, прадухіленне працоўных канфліктаў, паляпшэнне ўмоваў працы, павышэнне яе эфектыўнасці. Яно павінна садзейнічаць далейшаму развіццю сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікам і прафсаюзнымі арганізацыямі. Гэты дакумент устанаўлівае максімальныя абавязковыя для прымянення сацыяльныя гарантыі і служыць асновай для заключэння калектыўных дагавораў. Пагадненне стане залогам эфектыўнасці рэалізацыі дадатковых у параўнанні з дзеючым заканадаўствам льгот і гарантый для членаў нашага прафсаюза. Ва ўстановах нашага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гэта свайго роду аснова-арыенцір у ходзе правядзення калектыўных перагавораў. Нормы Пагаднення ў большасці з’яўляюцца нормамі прамога дзеяння і лічацца мінімальнымі для замацавання ў калектыўных дагаворах, – адзначыла старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка.

 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка дадала, што неабходна будзе кожнаму старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі на аснове гэтага Пагаднення перагледзець свае калектыўныя дагаворы, змяніць, дапоўніць, што неабходна. І ўвогуле, патрэбна памятаць, што сёння кіраўнік і лідар прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі – гэта тая каманда, якая павінна стаяць на абароне правоў работнікаў.

Таксама на сходзе было раггледжана пытанне аб удзеле прафсаюзнай арганізацыі ў раённым праекце “Здаровы лад жыцця – залог сацыяльнай паспяховасці”, які распрацаваў для работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна Дзятлаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Гэты праект накіраваны на фарміраванне ў работнікаў адказных адносінаў да свайго здароўя, вядзенне здаровага ладу жыцця. У аснову праекта пакладзена ідэя “эстафеты” здаровага ладу жыцця ў выглядзе статуэткі, якая пераходзіць з арганізацыі ў арганізацыю як сімвал здаровага калектыву. Гэту статуэтку галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак перадала Наталлі Калодка, і цэлы тыдзень установы культуры будуць актыўна займацца спортам, умацоўваць сваё здароўе.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ