“Перамога” сярод пераможцаў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Калектыў установы “Рэдакцыя газеты” Перамога” атрымаў дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў патрыятычнага выхавання насельніцтва.

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 19 лютага ў Цэнтральным доме афіцэраў горада Мінска. У ёй прынялі ўдзел памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Леанід Касінскі, першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

Леанід Касінскі адзначыў, што ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў членамі журы самая пільная ўвага надавалася адбору журналісцкіх твораў, якія спалучаюць у сабе менавіта патрыятычную накіраванасць і пераемнасць лепшых традыцый абаронцаў Айчыны, а таксама актуальнасць тэмы ўсенароднай абароны рэспублікі.

Павел Лёгкі ў сваю чаргу падкрэсліў, што такі творчы конкурс вельмі складаны:

– Армія – гэта спецыфічны свет, і тут мала быць прафесіяналам і пісаць пра яе цікава, тут трэба пісаць на высокім узроўні. Фарміруючы стаўленне да арміі, мы ствараем яе імідж у вачах мільёнаў грамадзян, тым самым падтрымліваючы нашы Узброеныя Сілы.

Сёлета ў творчым конкурсе на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь было прадстаўлена 128 заявак ад сродкаў масавай інфармацыі ўсёй краіны. Дзятлаўская раённая газета “Перамога” стала адной з лепшых.

Юлія БАКУНОВІЧ