“Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У мэтах рэалізацыі Плана мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства ў нашай установе – “Наваельнянскі яслі-сад” — быў арганізаваны Тыдзень беларускай мовы.

21 лютага… Гэта не зусім звычайны зімовы дзень. Чацвер у нашай установе – беларускамоўны. А у рамках тыдня ён заяўлены яшчэ як Дзень беларускіх вершаў.

Пачаўся ён з акцыі “Рускай мове дай разгрузку! Размаўляй па-беларуску”, да якой далучыліся не толькі ўсе работнікі ўстановы, а таксама і бацькі выхаванцаў. Але на гэтым ініцыятывы не скончыліся. «Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! (Н.Гілевіч)»– паэтычная гасцёўня з такой назвай аб’яднала ўсіх педагогаў. Час, праведзены ў літаратурнай гасцёўні, — выдатная магчымасць пачуць паэтычнае слова, падзяліцца ўласнымі думкамі і ўражаннямі пра літаратуру, лірыку, творчасць паэтаў і пісьменнікаў. Падчас сустрэчы педагогі чыталі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове, родным мясцінам, ўспаміналі сваю малую радзіму, расказвалі цікавыя і памятныя моманты з дзяцінства. Выхавальнік Карман Анна Баляславаўна чытала вершы ўласнага сачынення.

Загадчык установы Алена Мікалаеўна Баброўская падзялілася ідэяй зрабіць такія сустрэчы традыцыйнымі і прысвячаць іх спрадвечным тэмам, а таксама Году малой радзімы. «Вучаць словы, але захапляюць прыклады» — так кажа лацінская прыказка. Няхай захапленне педагогаў беларускай паэзіяй стане цудоўным прыкладам для выхаванцаў!” – адзначыла Алена Мікалаеўна.

Вольга РУДОЛЬ,
музычны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі “Наваельнянскі яслі-сад”



Теги: