“Маме не гаварыце, каб не плакала”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Апошнія часці савецкіх войскаў выйшлі з Афганістана 15 лютага 1989 года. Доўгіх дзесяць гадоў слова Афганістан было кашмарам для жонак і матуляў усяго Савецкага Саюза. Нашаму земляку, Дзмітрыю Лазовіку, на жаль, не ўдалося выжыць і вярнуцца дадому, убачыць сваіх родных.

Жыццё ў яркіх фарбах ён паспеў убачыць зусім няшмат, а далей – прызыў у савецкую армію і няпростая служба ў Афганістане.

Ён нарадзіўся 20 сакавіка 1964 года ў вёсцы Малая Палонка Дзятлаўскага раёна ў сям’і работнікаў калгаса імя Канстанціна Заслонава. Дзяцінства было простым, як і ў многіх аднагодкаў Дзімы. Вучыўся ў Дварэцкай сярэдняй школе і скончыў яе ў 1981 годзе.

Потым у Мінскім профтэхвучылішчы набыў спецыяльнасць фрэзероўшчыка, але папрацаваць удалося няшмат: некалькі месяцаў у сталіцы і на Дварэцкім ільнозаводзе.

У 1983 годзе хлопец трапіў служыць у Усць-Каменагорск, і там, здавалася, усё было добра. Дзмітрый пісаў паштоўкі дадому, сумаваў па маці Ніне Сцяпанаўне. Ведаў, што яна вельмі хвалюецца за сына. Ён заўсёды карыстаўся магчымасцю запытацца пра яе справы і суцешыць:

“Мама, не хвалюйся і не плач. У мяне ўсё будзе добра. Пішы, як там гаспадарка, як ты спраўляешся?”

Ён расказваў самай роднай жанчыне пра надвор’е, добрыя адносіны з таварышамі па службе, цікавіўся пра матуліна здароўе. Пра цяжкасці – ні слова.

Нават калі быў накіраваны на службу ў Туркменскую акругу, куды ўваходзіў і Афганістан, вырашыў пра гэта змаўчаць.

“Накіруюць служыць. Сюды. Маме аб гэтым не пісаў. І вы, калі ласка, не гаварыце, каб не плакала”, – пісаў блізкім Дзіма.

Ён абяцаў пісаць матулі часта, але…

Радавы Дзмітрый Лазовік загінуў 19 ліпеня 1983 года ад агнястрэльнага ранення ў галаву. Яго пахавалі на праваслаўных могілках у Дварцы, і пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Піянерскай дружыне пры Дварэцкай сярэдняй школе з 22 снежня 2004 года прысвоена імя Дзмітрыя Лазовіка.

Дзякуючы таму, што ёсць жывыя сведкі тых страшных ваенных падзей і шануючы памяць аб мінулым, члены піянерскага пошукавага атрада “Праметэй” Дварэцкай сярэдняй школы сабіралі звесткі пра жыццё Дзмітрыя Лазовіка, а перад Днём вываду войск з Афганістана члены піянерскіх атрадаў заўсёды наводзяць парадак на магіле земляка-інтэрнацыяналіста, праводзяць Вахту памяці, на якой выступаюць прадстаўнікі мясцовай улады, вучні, ветэраны вайны ў Афганістане, адбываецца ўскладанне вянкоў і кветак. Таксама ў гэты ж час пры падтрымцы раённага камітэта ГА “БРСМ” у школе праходзіць рэгіянальны турнір па валейболе на кубак імя Дзмітрыя Лазовіка.

Юлія БАКУНОВІЧ