Дзевяць месяцаў, каб пакінуць ваеннае пекла

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вывад савецкіх войскаў з Афганістана пачаўся 15 мая 1988 года ў адпаведнасці з заключанымі 14 красавіка 1988 года Жэнеўскімі дамовамі аб палітычным урэгуляванні становішча вакол Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.

Савецкі Саюз абавязаўся вывесці свой кантынгент у дзевяцімесячны тэрмін – да 15 лютага 1989 года, прычым палова войскаў павінна была быць выведзена на працягу першых трох месяцаў – да 15 жніўня 1988 года.

Па паведамленнях, у першыя тры месяцы Афганістан пакінулі 50183 вайскоўцы. Яшчэ 50100 чалавек вярнуліся ў СССР у перыяд з 15 жніўня 1988 года па 15 лютага 1989 года.

На пачатку лістапада 1988 года вывад савецкіх войскаў з Афганістана быў прыпынены ў сувязі з рэзка актывізаванымі наступальнымі дзеяннямі душманаў (маджахедаў), у прыватнасці, масіраванымі ракетнымі абстрэламі Кабула. Пасля гэтага ў другой палове лістапада і ў снежні 1988 года  становішча ў Афганістане некалькі стабілізавалася, аднак кіраўніцтва СССР устрымлівалася ад якіх-небудзь заяваў аб тым, будзе вывад савецкіх войскаў выкананы да канца ці ваенныя дзеянні ў Афганістане будуць працягнуты.

У студзені 1989 года Афганістан наведаў міністр замежных спраў СССР Эдуард Шэварнадзэ. Канчатковае рашэнне аб поўным вывадзе савецкіх войскаў з Афганістана было прынята на пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС 25 студзеня 1989 года i апублікавана на наступны дзень з фармулёўкай “Савецкі Саюз застанецца верны Жэнеўскім пагадненням”. Пасля гэтага ў Кабул з візітам прыбыў міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў. Завяршальная аперацыя па вывадзе войскаў адбывалася ў канцы студзеня – першай палове лютага 1989 года.

Юлія БАКУНОВІЧ